Нямецкія этнаграфы на Каляды будуць «жаніць Цярэшку» ў Лепельскім раёне
5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Нямецкія этнаграфы на Каляды будуць "жаніць Цярэшку" ў Лепельскім раёне, расказала карэспандэнту БЕЛТА інструктар-метадыст па арганізацыі турыстычнай дзейнасці Лепельскага райвыканкама, каардынатар рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Вольга Махоненка.
Аўтэнтычная калядная гульня, якая захавалася да нашых дзён толькі на Лепельшчыне, не ўпершыню выклікае цікавасць у замежных даследчыкаў. З ёй ужо знаёміліся спецыялісты з Галандыі і Польшчы, а нямецкія фалькларысты прыязджаюць другі раз. Аднак упершыню яны будуць вывучаць гульню, прызнаную гісторыка-культурнай каштоўнасцю, - у 2009 годзе "Жаніцьба Цярэшкі" была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Штогод 7 студзеня на Раство ў вёсцы Веляўшчына мясцовае насельніцтва гуляе ў старадаўнюю забаву "Жаніцьба Цярэшкі". Яе сутнасць зводзіцца да таго, каб пазнаёміць добрых малайцоў з чырвонымі дзяўчатамі. Аднак гэта не простае сватанне, а вясёлы спектакль з песнямі і танцамі, фрывольнымі жартамі і нявіннымі пацалункамі. Дарэчы, вясёлая беларуская прыказка "Замуж выйсці не напась, абы замужам не прапасць" бярэ пачатак якраз з цярэшкіных песень. Калядная гульня, як і належыць вяселлям, завяршаецца агульным застоллем. Па словах Вольгі Махоненкі, пасля гэтай гульні ў вёсцы наступаў час сапраўдных вяселляў. У маючай адбыцца гульні, як чакаецца, апроч замежных гасцей возьмуць удзел каля 30 маладых вяскоўцаў.-0-