Героі нашага часу

Герои нашего времени

У пяты раз ва ўпраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама ўрачыста ўшанавалі герояў праекта "Грамадзянская мужнасць" – людзей, якія, рызыкуючы сваім жыццём і здароўем, дапамаглі злавіць парушальніка закона або прадухіліць злачынства.
 
– Вельмі добрая тэндэнцыя: колькасць неабыякавых людзей з кожным годам расце, – адзначыў перад цырымоніяй начальнік УУС Ігар Явсееў. – Атрымліваем інфармацыю аб распіцці спіртнога ў дварах – гэта значыць, што грамадзяне клапоцяцца аб парадку і бяспецы каля свайго жылля. Пастаянна працуе «гарачая лінія». Многія паведамляюць аб парушэннях дарожнай бяспекі на сайт «Перахоп». Калі звесткі пацвярджаюцца, вінаватых караюць. У 2012 годзе каля 50 чалавек аказалі дапамогу ў раскрыцці крымінальна каральных злачынстваў. Мы іх ужо заахвочвалі, а сёння адзначым самых годных, якія ішлі на вялікую рызыку, некаторыя нават атрымалі траўмы.
 
Сярод узнагароджаных – жыхар Наваполацка Мікалай Саўчанка, які затрымаў злодзея ў краме. Злачынца актыўна супраціўляўся, некалькі разоў ударыў добраахвотнага ахоўніка. Пакуль доўжылася сутычка, прадаўцы выклікала міліцыю, і парушальнік быў затрыманы.
 
Не спалохаўся злачынцы і навучэнец Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя №1 Ігар Махонь. Праходзячы позна ўвечары па адной з вуліц абласнога цэнтра, хлопец пачуў крыкі аб дапамозе. Падбегшы бліжэй, Ігар убачыў, што мужчына накінуўся на 15-гадовую дзяўчыну. Гвалтаўнік, заўважыўшы яго, спалохаўся і паспяшаўся знікнуць. Паведаміўшы аб здарэнні ў міліцыю, І. Махонь пабег за злачынцам і пазней указаў супрацоўнікам яго месцазнаходжанне. Калі падазронага даставілі ў аддзел, аказалася, што ён пяць гадоў таму быў асуджаны за падобнае дзеянне. Нягледзячы на тое, што ў мужчыны ёсць жонка і дзіця, ён зноў узяўся за старое. І калі б не смеласць і граматныя дзеянні выпадковага мінака, невядома, чым бы ўсё скончылася.
 
Дыпломамі УУС і падарункамі былі таксама ўзнагароджаны Таццяна і Любоў Багданавы, якія дапамаглі пацярпеламу і затрымалі двух злачынцаў. Жанчыны сядзелі ў адным з кафэ па пр. Чарняхоўскага ў Віцебску, калі на іх вачах двое п'яных грамадзян збілі мужчыну і завалодалі яго маёмасцю. Дзве далікатнякія гераіні не пабаяліся заступіцца за пацярпелага і запатрабавалі спыніць рабаванне. Але дэбашыры нікога не слухалі і паспрабавалі збегчы. Тады Таццяна і Любоў перагарадзілі ім дарогу, уступілі ў супрацьстаянне (Таццяна нават атрымала цялесныя пашкоджанні), затрымалі і перадалі супрацоўнікам міліцыі, якія прыбылі.
 
Разам з грамадзянскімі асобамі ў гэты дзень ушанавалі і аднаго супрацоўніка міліцыі. Канстанцін Дубінскі сёння служыць у АМАПе палка ППСМ УУС аблвыканкама. Яго выбар прафесіі заканамерны, бо пяць гадоў таму тады яшчэ першакурснік юрыдычнага факультэта ВДУ імя П. Машэрава здзейсніў учынак. Канстанцін пачуў на прыпынку крыкі аб дапамозе дзвюх жанчын, у адной з якіх злодзей выхапіў з рук пакет. Хлопец пабег за парушальнікам, схапіў яго і ўтрымліваў да прыезду міліцыі.
 
Кім бы вы ні былі – супрацоўнікам пры выкананні ці выпадковым сведкам, непадрыхтаваным і нетрэніраваным – падобныя ўчынкі перш за ўсё характарызуюць вас як чалавека. Не заставайцеся абыякавымі да чужой бяды. Нават самая малая ваша дапамога можа аказацца вырашальнай.
 
Кацярына Князева, «НС»