Загібель азімых у Віцебскай вобласці не перавысіць 10%
Прагназуемая гібель пасеваў азімых збожжавых культур у Віцебскай вобласці - не больш за 10%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РВУП "Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі".
Па словах спецыялістаў, на сённяшні дзень стан пасеваў збожжавых культур і рапсу ацэньваецца як нармальны. Расліны ўкрыты снегам, вясновай вегетацыі пакуль не назіраецца. Анабіёзу спрыяе глыбокае прамярзанне глебы (у сярэднім па вобласці - 40-50 см) і аптымальная сярэднясутачная тэмпература паветра (ад мінус 1 да мінус 4).
Аднак калі снег затрымаецца на палях да сярэдзіны красавіка, узнікне пагроза заражэння азімых культур снежнай цвіллю і іншымі грыбковымі захворваннямі. Дакладную ацэнку жыццяздольнасці пасеваў спецыялісты змогуць даць толькі пасля поўнага сыходу снегу. На выпадак гібелі азімых у рэгіёне прадугледжаны страхавы фонд насення, які складае 20% ад агульнага аб'ёму пасеянага восенню.
У сувязі з зацягнутымі халадамі аграрыям Віцебскай вобласці давядзецца значна скараціць тэрміны вясновай пасяўной кампаніі. Пачаць работы плануецца ў другой дэкадзе красавіка, завяршыць - 10 мая, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Гаспадаркі Віцебскай вобласці цалкам забяспечаны насеннем (па збожжавых культурах - гэта эліта, суперэліта і першая рэпрадукцыя). Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі - на ўзроўні 65% (калійнымі ўгнаеннямі гаспадаркі забяспечаны практычна цалкам, азотнымі - на 43%, фосфарнымі - на 32%). Недастатковыя аб'ёмы азотных і фосфарных угнаенняў паступяць у раёны да 15 красавіка, запэўнілі ў аблсельгаспрэдзе.
Сціснутыя тэрміны пасяўной запатрабуюць арганізацыі работ у тры змены. У цяперашні час завяршаецца рамонт тэхнікі - гатоўнасць машынна-трактарнага парку складае 95%. Вырашаюцца пытанні аб прыцягненні дадатковых працоўных рэсурсаў. На сённяшні дзень у гаспадарках Віцебскай вобласці не хапае больш за 1,1 тыс. механізатараў. Гэтая праблема будзе вырашана за кошт шэфскай дапамогі прадпрыемстваў гарадоў і райцэнтраў. Да веснавых палявых работ плануецца прыцягнуць навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і студэнтаў старэйшых курсаў вышэйшых навучальных устаноў.
Сёлета агульная плошча пасеваў у Віцебскай вобласці складзе 850 тыс.га, з іх азімыя збожжавыя займаюць 231 тыс.га, азімы рапс - 55 тыс.га.