Гідролагі адзначаюць падтапленні прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў у басейне Заходняй Дзвіны, Бярэзіны

1 красавіка, Мінск / Таццяна Лобас - БЕЛТА /. Вясновая паводка з кожным днём усё больш дае аб сабе знаць. У шэрагу рэгіёнаў Беларусі адзначаюцца падтапленні прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў не толькі талымі, але і рачнымі водамі, выхад вады на пойму і сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Марына Нагібіна. За мінулыя суткі адзначаюцца падтапленні і на Заходняй Дзвіне. У Віцебскай вобласці ў Верхнядзвінску ад разліву Заходняй Дзвіны падтоплены падворкі і гаспадарчыя пабудовы, размыла дарогу Клімаўшчына-Буракава, у Лёзненскім раёне ля вёскі Асіпенкі ад ракі Чарніца затоплены драўляны мост, у Бешанковіцкім раёне ля вёскі Ульянка ад ракі Ула затоплены драўляны мост і асобныя гаспадарчыя пабудовы ля вёскі Бачэйкава. Вада падышла да прыватных дамоў у Бешанковічах, Шаркаўшчыне, Паставах. Тут падтоплены таксама некаторыя прыватныя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Уся рака Заходняя Дзвіна ўжо ўскрыта, назіраецца ледаход. Працягваецца рост узроўняў вады ў басейне Заходняй Дзвіны з сутачнай інтэнсіўнасцю ад 7 да 80 см. У Брэсцкай вобласці ў Лунінецкім раёне ля вёскі Дзятлавічы ад ракі Цна падтоплены гаспадарчыя пабудовы і агароды. На Бярэзіне ля горада Барысаў падтоплены бліжэйшыя да ракі дамы, падворкі і гаспадарчыя пабудовы. Падчас вясновай паводкі ў гэтай зоне звычайна назіраецца рост узроўняў вады і адбываецца падтапленне. На астатніх рэках сутачны пад'ём узроўняў вады складае ад 1 да 47 см, уключаючы верхаўі рэк Дняпра, Сожа на тэрыторыі Расіі.-0-