Гіганцкі дабравест і маленькі званочак-цінька ўзняліся на званіцы Свята-Уваскрасенскай царквы ў Віцебску
5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праваслаўная Свята-Уваскрасенская царква ў Віцебску сёння набывае свае званы. На 20-метровую вышыню ўзняты першы гіганцкі звон вагой 1,2 т, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усяго на званіцах храма будзе 11 званоў. Як расказаў настаяцель храма протаіерэй айцец Канстанцін (Ізафатаў), такі набор званоў лічыцца вялікім. У яго ўваходзяць цяжкія званы - дабравесты, сярэднія - альтовыя або падзвонныя і малыя - трэльныя або, як іх называюць званары, цінькі, іх вага ўсяго 8 кг.
Сярод гэтых званоў ёсць і гістарычная каштоўнасць - альтовы звон XIX стагоддзя, адліты ў Галандыі. Яго лёс дзіўны. У Беларусь ён трапіў адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, верагодна, як трафей, і доўгі час захоўваўся ў адной з воінскіх частак. У канцы 90-х гадоў XX стагоддзя кантрабандысты спрабавалі яго выкрасці і вывезці за мяжу, аднак праваахоўныя органы спынілі гэту спробу. У 2003 годзе каштоўны звон быў перададзены Віцебскай епархіі.
Як адзначыў айцец Канстанцін, астатнія званы падораны храму віцебскімі мецэнатамі - кампаніямі "Марка" і "Полімер-канструкцыі".
Набыццё званоў - неад'емнай прыналежнасці праваслаўнага храма - з'яўляецца адным з завяршальных этапаў аднаўлення царквы. Уваскрасенскі храм быў узведзены ў 1772 годзе ў традыцыях позняга барока. Вытанчанасць формаў і ліній, багаты дэкор фасадаў будынка аказвалі незгладжальнае ўражанне на прыхаджан. Да таго ж архітэктару, імя якога засталося невядомым, удалося такім чынам размясціць царкву, што яна арганічна ўпісалася на невялікім участку зямлі на вуглу скрыжавання дзвюх вуліц. Уваскрасенскі храм быў адным з галоўных упрыгожанняў гістарычнай часткі Віцебска, але ў 1936 годзе яго разбурылі.
Аднаўленне царквы пачалося ў 2000 годзе па захаваных малюнках і фотаздымках. Яе адкрыццё плануецца ў ліпені бягучага года, і тады над Заходняй Дзвіной паплыве чырвоны звон 11 званоў Свята-Уваскрасенскага храма.-0-