Гільдыя віцебскіх рэстаўратараў і праекціроўшчыкаў добраўпарадкуе музей-сядзібу Рэпіна ў Здраўнёва
16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Гільдыя віцебскіх рэстаўратараў і праекціроўшчыкаў упершыню аб'ядналася на суботніку і добраўпарадкоўвае філіял абласнога краязнаўчага музея – музей-сядзібу Ільі Рэпіна ў Здраўнёве пад Віцебскам, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.
Звычайна ў дзень суботніка праекціроўшчыкі і архітэктары працавалі ў сваіх арганізацыях. У гэты раз прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных праектных і будаўнічых арганізацый, "Віцебскрэстаўрацыі" сабраліся па прафесійнай прыналежнасці і напярэдадні Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных месцаў вырашылі прывесці ў парадак і падрыхтаваць да пачатку турыстычнага сезона сядзібу вялікага рускага мастака.
Свой уклад у добраўпарадкаванне гістарычнай славутасці ўнёс і адзін з вытворцаў будаўнічых фарбаў, бясплатна прадаставіўшы матэрыялы для ахоўнага пакрыцця лавак і драўляных частак дома.
Ілья Рэпін набыў сядзібу "Здраўнёва" ў 1892 годзе. На маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны па яго праекце быў пабудаваны галоўны сядзібны дом. Недалёка ад сядзібы на могілках прыходскай царквы ў вёсцы Слабада быў пахаваны бацька Ільі Рэпіна – Яўхім. На працягу 1892-1901 гадоў у Здраўнёве мастаком былі створаны карціны "Беларус", "Месячная ноч", "Дуэль", "На сонцы".
Музей-сядзіба "Здраўнёва" створаны ў 1988 годзе. У фондах абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца рэпінскія акварэлі, малюнкі, абразы, напісаныя для Слабадской царквы, а таксама сапраўдныя фотаздымкі, лісты, кнігі.
Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных месцаў адзначаецца 18 красавіка. Святкаванне гэтага дня было ўстаноўлена асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і гістарычных месцаў, створанай пры ЮНЕСКА ў 1983 годзе. Упершыню міжнародны дзень аховы помнікаў адзначаўся ў 1984 годзе.
Па папярэдніх даных, сёння на суботніку ў Віцебскай вобласці працуюць каля 490 тыс. чалавек.-0-