Старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец наведаў Аршаншчыну ў рамках акцыі «Нашы дзеці»

Глава Администрации Президента Александр Косинец посетил Оршанщину в рамках акции «Наши дети»

У апошні дзень 2015 года выхаванцаў і калектыў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аршанскага раёна павіншаваў са святамі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец. Маленькія аршанцы атрымалі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» тэлевізар і салодкія падарункі.

Кіраўнік Адміністрацыі азнаёміўся з умовамі навучання і пражывання выхаванцаў – 31 дзіця ва ўзросце ад 3 да 15 гадоў, якія па тых ці іншых прычынах былі забраны з сем'яў. Аляксандр Мікалаевіч наведаў пакой псіхалагічнай дапамогі і рэабілітацыі, кабінеты спецыялістаў, медыцынскі блок, аддзяленне для дашкольнікаў і прыёмнае. А затым удзельнічаў у цырымоніі запальвання елкі, пошуках Дзеда Мароза і, вядома ж, навагоднім карагодзе і тэатралізаваным прадстаўленні, падрыхтаваным работнікамі гарадскога Дома культуры.

– Сапраўднае шчасце для дзяцей – моцная, дружная сям'я, і дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» заклікана ўсім нагадаць пра гэта, – падкрэсліў Аляксандр Косінец. – Хачу звярнуцца да дарослых, якія па тых ці іншых прычынах пакінулі сваіх дзяцей: наперадзе Каляды і стары Новы год – кіньце згубныя звычкі, зрабіце ўсё, каб аднавіць сваю біялагічную сям'ю. Для дзяцей галоўнае не падарункі, а каб мама і тата былі побач, выхоўвалі іх і любілі.

Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што клопат пра дзяцей, увага да мацярынства – найважнейшыя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. Чым вышэй нараджальнасць, чым больш мам з каляскамі на вуліцах гарадоў і вёсак, тым мацней будзе краіна.

Цяперашняя праграма дэмаграфічнай бяспекі стартавала ў 2011 годзе, наступная разлічана да 2020-га. Яе задачы – рост колькасці сем'яў, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, а таксама ўдасканаленне аховы здароўя маці і дзяцей, ліквідацыя фактараў, якія прыводзяць да з'яўлення дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Аляксандр Косінец падзяліўся з журналістамі і найлепшымі ўспамінамі з дзяцінства. А дакладней, любімымі і самымі жаданымі падарункамі да Новага года. Аказваецца, гэта былі яблыкі са школьнага саду і кнігі. Аляксандр Мікалаевіч распавёў, што ў дзяцінстве жыў у вёсцы Роскі Селец Аршанскага раёна, мясцовая ўстанова адукацыі размяшчалася ў былым доме памешчыка. Новы год заўсёды чакаў з нецярпеннем.

– У школе арганізоўвалі ёлачку, дарылі падарункі, – з цеплынёй успамінаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. – Дырэктар рабіў усё, каб да Новага года захаваць у велізарных сутарэннях панскага дома яблыкі, выгадаваныя ў прысядзібным садзе. На свята кожнаму дзіцяці даставалася некалькі прыгожых, смачных яблыкаў, і мы гэтаму былі невымоўна рады. Таксама я вельмі любіў кнігі. Усе гады вучыўся на выдатна, шмат чытаў, прычым разнапланавую літаратуру.

У працяг тэмы Аляксандр Косінец завастрыў увагу на тым, што 2016-ы аб'яўлены ў Беларусі Годам культуры, і падзяліўся найбліжэйшымі планамі і задачамі на яго ў разрэзе Віцебшчыны.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».