Старшыня дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Уладзімір Церанцьеў: «Наша задача – працаваць на апярэджанне»
На Віцебшчыне выконваецца шэраг прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. 66% бюджэту вобласці накіравана на сацыяльную сферу. У 1 паўгоддзі 2017-га ў вобласці здадзена 137,8 тыс. кв м жылля, або 54,9% да гадавога задання, устаноўленага Саўмінам. Выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі ў сістэме сацабслугоўвання, асноўныя па Дзяржпраграме ”Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека“. Забяспечанасць дзяцей месцамі ў дашкольных установах дасягнула 97,5% (рэспубліканскі нарматыў – 85%). Станоўчыя зрухі намяціліся ў сістэме ЖКГ.
У выкананні прагнозных паказчыкаў вялікая роля адводзіцца дэпутацкаму корпусу. Яго намаганні сканцэнтраваны на прыярытэце дзяржаўнай палітыкі – паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва. Сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, што стабільна працуюць, – дэпутаты абласнога Савета Міхаіл Рог (РУВП «Віцебскхлебпрам»), Алена Чарапніна (ААТ «Віцебскія дываны»), Анатоль Сівко (РУВП «Бегамльскі завод «Ветразь»), Віктар Бандарэнка (ААТ «Міёрскі мясакамбінат»), Аляксандр Фірсін (ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна), Уладзімір Несцярэнка (РУПТП «Аршанскі льнокамбінат»), Мікалай Ільюшонак (Полацкае РУВП «Спадчына Ф. Скарыны») і інш.
Па выніках першага паўгоддзя ў мясцовы бюджэт паступіла 572,4 млн руб., плацяжы да ўзроўню 2016-га павялічыліся на 6,3%. Станоўча ацэнена работа Верхнядзвінскага, Віцебскага, Дубровенскага, Міёрскага, Талачынскага раённых і Наваполацкага гарадскога Саветаў дэпутатаў па выкананні даходнай часткі бюджэтаў і прыцягненні дадатковых даходаў. Недастаткова разгорнута гэтая работа ў Бешанковіцкім, Докшыцкім, Пастаўскім, Сенненскім раёнах і Віцебску.
Заслугоўвае ўвагі вопыт Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў па аптымізацыі сістэмы адукацыі, Віцебскага раённага Савета – па напаўненні бюджэту за кошт продажу зямельных участкаў, Браслаўскага – па добраўпарадкаванні, Лёзненскага – па развіцці сувязяў з расійскімі рэгіёнамі.
Як старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў забяспечваў выкананне на Віцебшчыне Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, іншых прававых актаў, як дэпутат праводзіў пэўную работу па Наўкнінскім выбарчым акрузе №6. Уладзімір Уладзіміравіч – старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Узначальваў абласны аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні 5-га Усебеларускага народнага сходу, рэспубліканскіх і абласных суботнікаў, 25-га фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», шэрагу міжнародных фестываляў і святаў. З'яўляецца адным з трох прадстаўнікоў Беларусі ў Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад краін «Усходняга партнёрства». Член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Удзельнічаў у рабоце 3-га і 4-га форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Заключана 22 Пагадненні з адміністрацыямі рэгіёнаў пяці акруг РФ. Раёнамі і гарадамі Віцебшчыны падпісана 95 міжрэгіянальных пагадненняў і дагавораў у розных сферах супрацоўніцтва з 74 гарадскімі і раённымі муніцыпальнымі ўтварэннямі і сходамі дэпутатаў РФ.
У 2018 годзе адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта будзе няпросты экзамен для народных выбраннікаў. Неабходна ўдасканальваць узаемадзеянне мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканкамаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, аргмасцавую працу ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. У ліку задач – зніжэнне міграцыі і абумоўленне маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці, стымуляванне прадпрымальніцтва і развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, умацаванне грамадскай бяспекі, дысцыпліны і правапарадку, фарміраванне ў насельніцтва звычкі весці здаровы лад жыцця.
Вывад адзін: органы самакіравання, як і раней, павінны быць надзейнай апорай выканаўчай улады. Ад пісьменных кіраўніцкіх рашэнняў і ўважлівага стаўлення да людзей будзе залежаць ступень даверу і падтрымкі жыхарамі працы мясцовых органаў улады і дзяржаўнай палітыкі ў цэлым.
Галіна Шпакоўская. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".