Старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімірцеранцьеў узяў удзел у суботніку ў Расонах
Жыхары райцэнтра прывялі ў парадак мемарыяльны комплекс на месцы пахавання воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Разам з імі працаваў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.
Як распавёў старшыня Расонскага райвыканкама Уладзімір Быкаў, гэта ўжо трэці суботнік, прысвечаны маючай адбыцца памятнай даце. Урачыстасці пройдуць 23 верасня. Падчас першых двух былі сабраны сродкі на рэканструкцыю мемарыяла, а на цяперашнім людзі дэмантавалі старую плітку, выконвалі іншыя работы.
Мемарыяльны комплекс узведзены ў 1965 годзе і, хоць яго пастаянна падтрымлівалі ў добрым стане, мае патрэбу ў рэканструкцыі. Тут пахавана больш за 2,5 тыс. чалавек, у тым ліку і расстраляная фашыстамі маці легендарнага камандзіра партызанскага атрада, былога кіраўніка краіны Пятра Машэрава, 100-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў наступным годзе.
Як падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, з абласнога бюджэту на рэканструкцыю мемарыяла выдзелена 150 тыс. рублёў. Прадугледжваецца цалкам абнавіць гэта святое месца, добраўпарадкаваць Алею Славы, на якой увекавечыць памяць шасці Герояў Савецкага Саюза і Сацпрацы, таксама аднаго поўнага кавалера ордэна Славы, ураджэнцаў раёна. Як запэўніў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці, дапамога будзе аказана і Музею баявой садружнасці, дзе асобная зала прысвечана арганізатару партызанскага руху на Расоншчыне Пятру Машэраву.
Уладзімір Цярэнцьеў таксама прыняў удзел у адкрыцці новага рэнтгенкабінета ў цэнтральнай раённай бальніцы, які быў абсталяваны самым сучасным абсталяваннем.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці". Фота Алены КІРЫЛАВАЙ, "Голас Расоншчыны".