Старшыня аблсавета Уладзімірцеранцьеў высока ацаніў новыя сацыяльныя аб'екты Наваполацка

Глава облсовета Владимир Терентьев высоко оценил новые социальные объекты Новополоцка
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў даў высокую ацэнку ўзроўню развіцця сацыяльнай сферы Наваполацка пры наведванні нядаўна ўведзеных у эксплуатацыю аб'ектаў устаноў адукацыі і спорту.


У ходзе рабочай паездкі Уладзімір Цярэнцьеў у суправаджэнні старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыя Дзямідава і старшыні гарсавета дэпутатаў Вячаслава Дурнова пабываў у новым вучэбна-лабараторным корпусе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ў пасёлку Междуречье, дзе размясціліся юрыдычны і спартыўна-педагагічны факультэты.

У кароткія тэрміны, як расказаў рэктар ПДУ Дзмітрый Лазоўскі, на плошчах, перададзеных ВНУ ААТ «Нафтан», уласнымі сіламі за кошт сродкаў пазабюджэтнага фінансавання быў зроблены рамонт і створаны самыя сучасныя ўмовы для паспяховай падрыхтоўкі студэнтаў.


У прыватнасці, унікальная зала судовых пасяджэнняў аснашчана відэаканферэнцсувяззю, што дазваляе працаваць дыстанцыйна, абсталяваны спецыяльныя кабінеты крыміналістыкі, анатоміі і фізіялогіі, асобныя памяшканні для канферэнцый і перамоваў, трэцейскага суда, студэнцкай службы прававой дапамогі. Акрамя таго, для студэнтаў, выкладчыкаў, а таксама жыхароў рэгіёну працуе wellness-цэнтр. Ёсць некалькі трэнажорных і спартыўных залаў, зоны для заняткаў настольным тэнісам, сауна, адкрытыя пляцоўкі для вялікага тэніса і міні-футбола.

Для зручнасці і эстэтызацыі адукацыйнай прасторы кожны з чатырох карпусоў навучальнай зоны аформлены ў пэўнай каляровай гаме – чырвонай, лімоннай, зялёнай і аранжавай. Утульная атмасфера створана ў светла-бэзавым абедзенным зале сталоўцы La Gusto, дзе можна не толькі смачна паесці, але і прыемна адпачыць. Дзякуючы пераезду факультэтаў ВНУ ажыў і сам пасёлак Междуречье, палепшылася транспартнае абслугоўванне яго жыхароў.

Азнаёміўшыся з аб'ектам, Уладзімір Цярэнцьеў назваў яго адным з лепшых у рэспубліцы.

– Я меркаваў, што ўбачу нешта грунтоўнае і сучаснае, але нават не ўяўляў, што комплекс можа быць

такім узрушальным. Сённяшнім студэнтам можна толькі пазайздросціць, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Створаную матэрыяльна-тэхнічную базу ён параіў шырэй выкарыстоўваць для рэкламы адукацыйных паслуг ПДУ, у тым ліку запрашаючы замежных студэнтаў, якіх сёння ў ВНУ вучыцца 250.

Кіраўнік аблсавета дэпутатаў наведаў таксама нядаўна ўведзеную ў строй пачатковую школу ў новым мікрараёне. Ён агледзеў выдатна аснашчаныя кабінеты, пагутарыў з педагогамі і дзецьмі. У сталоўцы і буфеце быў прыемна здзіўлены разнастайнасцю прапанаваных страў. У бібліятэцы паабяцаў дапамогу ў паляпшэнні камплектавання кніжнага фонду. А ў цэлым прыйшоў да высновы, што рашэнне аб будаўніцтве унікальнага комплекснага вучэбна-педагагічнага аб'екта, у склад якога ўваходзяць таксама яслі-сад і міжшкольны блок з басейнам, спартыўным і актавым заламі, было правільным: вучыцца тут дзецям цікава і камфортна.

Убачыць наступны сацыяльны аб'ект Уладзіміру Церанцьеву было важна і як старшыні абласной федэрацыі плавання. Палац водных відаў спорту «Садко» раней належаў ААТ «Нафтан», а год таму быў перададзены гораду. Тут правялі рэканструкцыю чары плавальнага басейна, дарэчы, самага вялікага на Віцебшчыне: ён мае восем дарожак даўжынёй 50 метраў і дазваляе прымаць міжнародныя спаборніцтвы. Да паслуг насельніцтва таксама чатыры спартыўныя залы і аднаўленчы цэнтр з саўнай. Матэрыяльна-тэхнічная база палепшылася, і цяпер спартыўны комплекс трэба выкарыстоўваць з максімальнай эфектыўнасцю.

Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што сацыяльная сфера Наваполацка працягвае паспяхова развівацца, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы. Гэта пацвердзіў і намеснік старшыні гарвыканкама Алег Буевіч.

У прыватнасці, у інвестыцыйную праграму на 2017 год унесена распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі яшчэ аднаго дзіцячага садка ў новым мікрараёне, вядуцца работы ў парку культуры і адпачынку, вялікія зрухі ў плане аснашчэння новым абсталяваннем намячаюцца ў сферы аховы здароўя.

Ларыса Малашэня. Фота Таццяны Русаковіч. «Віцебскія весці».