Старшыня раёна ацаніў вынікі, з якімі Дубровеншчына сустракае абласныя «Дажынкі-2017»
— Алег Міхайлавіч, сіл і сродкаў ва ўдасканаленне Дубровеншчыны ўкладзена шмат. Ці ёсць задавальненне ад зробленай працы?
– Безумоўна. Улічваючы, што раён невялікі, а пабудаваны і мадэрнізаваны маштабныя аб'екты, гэта не можа не цешыць. Сёння мы падышлі да лагічнага завяршэння нашых пачынанняў. Усё зробленае паслужыць росту не толькі аб'ёмаў вытворчасці, але і павышэнню ўзроўню жыцця ў цэлым.
Раён ператварыўся, і гэта дзякуючы як дапамозе і падтрымцы Віцебскага аблвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Шарснёвым, так і ўсіх дубровенцаў. Разам нам многае па плячы. І мы не спынімся на дасягнутым. Добраўпарадкаванне працягваецца, робім усё магчымае, каб раён квітнеў, людзям жылося ў ім камфортна.
– Завяршэнне ўборачнай кампаніі па праву лічыцца вянцом сялянскай працы. Якім атрымаўся агульны раённы каравай сёлета?
— Аграрны сектар — асаблівая сфера дзейнасці, і агульны ўборачны ўраджай займае ў ёй найважнейшае месца. Гэта вынік працы многіх людзей, і ад таго, якім будзе агульны каравай, залежыць харчовая бяспека краіны. Аграрыі Дубровеншчыны ў чарговы раз прадэманстравалі прафесіяналізм, настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт, даказалі сваю вернасць прафесіі і любоў да роднай зямлі.
Вынік апраўдаў чаканні – 94 тысячы тон збожжа, што склала 147% да ўзроўню мінулага года. Калі казаць аб планах і задачах, то мы іх выканалі ў поўным аб'ёме. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых – 44,1 ц/га, алею рапсу – 19,7 ц/га. Агульны аб'ём вытворчасці алею рапсу склаў 9,6 тыс. т у бункернай вазе. Гэта ў 2 разы больш, чым у 2016 годзе.
Дзякуючы дакладным дзеянням кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, брыгадзіраў, шараговых работнікаў уборачная кампанія прайшла арганізавана і зладжана. Задача, якая стаяла перад працаўнікамі Дубровеншчыны, была не з лёгкіх, але выканалі яны яе на выдатна.
Падрыхтоўку да сёлетняга сезона мы пачалі яшчэ ў 2016 годзе – распрацавалі план дзеянняў, структуру пасяўных плошчаў, якія дазволілі нам выканаць усе работы не толькі ў аптымальныя тэрміны, але і з максімальнай эфектыўнасцю. Структура сельскагаспадарчых плошчаў была адкарэктавана пад кантролем кіраўніка вобласці. Яна прадугледжвае максімальныя вынікі па ўсіх напрамках.
Пад ураджай бягучага года быў праведзены поўны комплекс тэхналагічных і арганізацыйных мерапрыемстваў. Забяспечаны высокі агратэхнічны ўзровень усіх этапаў вясновых палявых работ і ўборачнай кампаніі. Мінулай восенню своечасова была падрыхтавана глеба, у аптымальныя тэрміны праведзены азімы сеў. Вясной якасна пасеялі і яравыя культуры, унеслі мінеральныя ўгнаенні, апрацавалі і абаранілі пасевы. Загадзя рыхтавалася неабходная тэхніка – прастояў не было.
Фота Антона Сцепанішчава
Важным момантам на ўборачнай страдзе стала ўзаемавыручка. Гаспадаркі, якія раней завяршылі жніво, накіроўвалі сваю тэхніку на дапамогу тым, у каго збожжавыя яшчэ заставаліся неабмалочанымі. Гэта паспрыяла падтрыманню высокіх тэмпаў уборкі і завяршэнню яе ў сціслыя тэрміны.
У выніку раён стабільна знаходзіўся на лідзіруючай пазіцыі ў вобласці. Сёлетні год паказаў, што ўсе без выключэння гаспадаркі могуць і павінны працаваць на высокім узроўні. Дастойныя вынікі атрымалі такія сельгаспрадпрыемствы, як ААТ «Праўда-С», ААТ «Якубава-Агра», ААТ «Баброва-Агра», ААТ «Гігант-Агра» і інш. Сельскагаспадарчы год яшчэ не завершаны – поўным ходам ідзе сеў азімых, нарыхтоўка ільнотрасты.
– Што робіцца ў раёне, каб захаваць кадравы патэнцыял?
– Без прафесіяналаў немагчыма дабіцца вынікаў у працы. У замацаванні кадраў важная і маральны складнік, і матэрыяльны. Узровень заработнай платы – стымул для плённай працы. І трэба ўсімі сіламі забяспечваць яе рост. У нашым раёне ў галіне АПК яна складае амаль 600 рублёў.
Адзначу, што ў сельскагаспадарчай вытворчасці занята 1670 чалавек на 64 тысячы га сельскагаспадарчых угоддзяў. Людзей, якія працавалі на жніве, можна без перабольшвання назваць залатым фондам аграрнай галіны Дубровеншчыны. Атрадна, што ў рэгіёне нязменна павялічваецца колькасць камбайнераў і вадзіцеляў, якія намалацілі і перавезлі больш за тысячу тон збожжа. Іх сёння каля 60 экіпажаў.
– Якія задачы ставіце з прыцэлам на ўраджай-2018?
– Патэнцыял раёна не вычарпаў сябе, тэхналагічныя пытанні яшчэ трэба прапрацоўваць. Знаходзіцца на пастаянным кантролі і тэхпераўзбраенне.
Больш старанна падыдзем не толькі да рамонту, але і да выбару тэхнічных сродкаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва аблвыканкама аўтапарк раёна пастаянна абнаўляецца. Атрымліваем высокапрадукцыйныя энергонасычаныя машыны і агрэгаты, якія дазваляюць праводзіць усе работы ў больш аптымальныя тэрміны.
— Алег Міхайлавіч, што пажадаеце нашым лепшым хлебаробам і гасцям рэгіёну?
— Па-першае, хацелася б шчыра падзякаваць кіраўніцтва вобласці за выбар Дубровны ў якасці месца правядзення «Дажынак—2017», за дапамогу і падтрымку. Хочацца адзначыць усіх, хто вырошчваў і прыбіраў ураджай збожжавых і зернебабовых культур.
Дзякуючы высокай дысцыпліне, адказнаму падыходу да справы, зладжанай працы аграрыі Дубровеншчыны годна вытрымалі іспыт. Шчырая ўдзячнасць усім за цяжкую, але ганаровую працу. З вашай дапамогай напаўняюцца засекі краіны, умацоўваецца эканоміка, павышаецца культура земляробства, забяспечваецца падтрымка насельніцтва.
Жадаю ўсім здароўя і новых дасягненняў на карысць сваёй сям'і і радзімы, добрага надвор'я не толькі падчас уборкі ўраджаю і правядзення «Дажынак», але і ў доме. Гасцям мерапрыемства — выдатнага настрою, каб успаміны пра дубровенскую зямлю былі светлымі і пазітыўнымі. Усіх са святам!