Старшыня Рэспублікі Тыва Уладзіслаў Ховалыг наведаў Аршанскі раён

Нагадаем, што напярэдадні кіраўнік расійскага рэгіёну сустрэўся з Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам.
Уладзіслаў Хавалыг пабываў на Аршанскім ільнокамбінаце, наведаў малочна-таварны комплекс ”Усценскі“ РУВП ”Усце НАН Беларусі“, мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс ТАА ”Брэміна – Орша“ і вытворча-тэхнічны кластар «Усце».

– Я вельмі ўражаны Беларуссю і яе патэнцыялам, – падзяліўся меркаваннем Уладзіслаў Хавалыг. – Цёпла прайшла сустрэча ў Мінску з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Мы абмеркавалі моманты нашага асноўнага ўзаемадзеяння. Пасля наведвання Аршанскага ільнокамбіната будзем думаць, наколькі рэнтабельна вырошчваць лён на тэрыторыі Рэспублікі Тыва. У нас вельмі шмат пустуючых земляў і напрамак ільнаводства трэба старанна вывучыць.

Кіраўнік Рэспублікі Тыва адзначыў, што Сібірскі рэгіён – аграрны.
– Наш асноўны напрамак – развіццё аграпрамысловага комплексу рэспублікі. І тут хочам запазычыць перадавы вопыт і тэхніку Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Уладзіслаў Хавалыг. – На тэрыторыі рэспублікі плануем пабудаваць буйную малочна-таварную ферму. Будзем развівацца і ўзаемадзейнічаць у плане турызму – патэнцыял вялікі.

Кіраўнік Рэспублікі Тыва падрабязна пазнаёміўся з вытворчасцю РУПТП «Аршанскі ільнокамбінат». Намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага ільнокамбіната Сяргей Сідзін інфармаваў, што ў рамках Указа №506 ільнокамбінату пастаўлены дакладныя задачы – гэта перш за ўсё чарговы этап мадэрнізацыі, які дазволіць павялічыць на 30% перапрацоўку айчыннага кароткага валакна, выпуск з яго прадукцыі народнага спажывання.

– І самае галоўнае – мы правядзем далейшае паглыбленне перапрацоўкі таго валакна, якое зараз у лішку нарыхтоўваецца нашымі сельгаспрадпрыемствамі, – падкрэсліў ён. – У цяперашні час у нас ужо часткова гатовы комплекс мерапрыемстваў, звязаных з этапам мадэрнізацыі фабрыкі №1, устаноўлена лінія катонізацыі кароткага ільновалакна. Яна дазволіць выканаць усе намечаныя аб'ёмы. Абсталяванне змантавана – адбываецца яго адаптацыя да нашай сыравіны і ідзе пусканаладачны працэс. У бліжэйшы час запрацуе ўчастак па адбельванні ўжо катонізаванага валакна. Гэта дазволіць атрымаць інавацыйны прадукт, які раней у Беларусі не вырабляўся. Новая тэхналогія дасць магчымасць выкарыстоўваць ужо адбеленае катонізаванае валакно для вырабу тавараў народнага спажывання. У тым ліку і гігіенічнай прадукцыі, пра якую гаварылася пры наведванні Прэзідэнтам ільнокамбіната ў 2018 годзе. Гэта ўсё адзін ланцужок, які дазволіць атрымліваць з кароткага ільновалакна, якое мы зараз у тым ліку экспартуем, інавацыйны прадукт з вялікім дададзеным коштам.

Сяргей Сідзін адзначыў, што Аршанскаму ільнокамбінату была перададзена фабрыка мастацкіх вырабаў. І ў цяперашні час завяршаюцца праектна-каштарысныя работы па гэтым аб'екце.
– Там будзе праведзена поўная рэканструкцыя, закуплена новае сучаснае абсталяванне, якое дазволіць пашырыць аб'ёмы выпускаемых гатовых швейных вырабаў пад маркай РУПТП «Аршанскі ільнокамбінат».
