Старшыня Віцебшчыны ўручыў пашпарты юным жыхарам вобласці
У святочнай абстаноўцы кіраўнік рэгіёна ўручыў 14-гадовым юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі высокіх вынікаў у адукацыйным працэсе, культуры, спорце і грамадскай дзейнасці, пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыю Беларусі, а таксама кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
— Вы дзёрзкія, маладыя, перспектыўныя, мэтанакіраваныя, — сказаў кіраўнік вобласці, звяртаючыся да моладзі. — У вас шмат ідэй і энергіі. Менавіта вам далей будаваць нашу краіну, рабіць яе шчаслівай. Вы адказныя за будучыню краіны, яе поспехі і славу. Дай Бог, каб у вас усё атрымалася! Мы, у сваю чаргу, гатовыя ўсяляк падтрымаць вас у любым добрым пачынанні. Я віншую вас з Днём Канстытуцыі, з атрыманнем пашпарта і тым, што вы ўступаеце ў наступны, новы і вельмі цікавы этап вашага жыцця.



Сярод тых, хто сёння атрымаў пашпарт, — навучэнка гімназіі №1 Віцебска імя Ж. Алфёрава Ганна Міхайлава. Яна прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гімназіі, мае высокія спартыўныя дасягненні. Аня прызналася, што атрыманне пашпарта з рук кіраўніка вобласці стала для яе хвалюючай падзеяй, якая запомніцца на ўсё жыццё:
— Я ўпершыню прысутнічаю на такім свяце, таму ўражанняў шмат. Разам з тым, адчуваецца не толькі ўрачыстасць і важнасць, але і адказнасць за свае будучыя ўчынкі менавіта як грамадзяніна рэспублікі.
Пашпарт з рук Аляксандра Субоціна атрымаў і вучань СШ №1 Навалукомля Глеб Ерох. Ён не хавае гордасці, якая перапаўняе яго сёння. Удзельнікам акцыі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» хлопец стаў за высокія дасягненні ў спорце.
— Атрымаўшы пашпарт, я адчуў сябе паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны, — сказаў юнак. — Цяпер я абавязаны ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё Беларусі ў цэлым і малой радзімы ў прыватнасці, удзельнічаць у розных мерапрыемствах, падтрымліваць яе, у тым ліку сваімі спартыўнымі дасягненнямі.

Першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў адзначыў, што Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!» заклікана акцэнтаваць увагу на такой значнай падзеі, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама стварыць умовы для надання належнага статусу і ўрачыстасці гэтай падзеі.

Пасля цырымоніі ўручэння пашпартоў адбыўся адкрыты дыялог, дзе рабяты задалі цікавыя пытанні прадстаўнікам улады.







