Старшыня Віцебскай вобласьці Аляксандар Субоцін уручыў дзяржаўныя ўзнагароды

У Віцебску напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу прайшла цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу і дасягненне высокіх паказчыкаў «Ордэнам Пашаны» ўзнагароджана галоўны аграном РПДУП «Талачынскі кансервавы завод» Таццяна Капранава, медалём «За працоўныя заслугі» – трактарыст-машыніст СФ «Селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП» Аляксандр Камароў, галоўны аграном СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна Аляксандр Каплун, старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлены намесніку генеральнага дырэктара ААТ «Віцебскі аблсельгаспслужба» Пятру Беззубянку, дырэктару ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага раёна Міхаілу Гумненкаву.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла на аглядным ярусе выставачнай залы «Духоўскі круглік», узведзенай на падмурку аднайменнай вежы сярэднявечнага Ніжняга замка. Віншуючы ўзнагароджаных, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што месца выбрана невыпадкова, яно дыхае гісторыяй. Менавіта ў вуглавой вежы замка праводзіліся ўсе важныя мерапрыемствы тагачаснага Віцебска.

Аляксандр Субоцін аднёс узнагароджаных да прадстаўнікоў той катэгорыі працаўнікоў, каго называюць соллю зямлі і гордасцю Віцебшчыны.

Напрыклад, арганізатарскія здольнасці Сяргея Чэпіка дазволілі забяспечыць выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Пастаўскага раёна. З боку кіраўніка надаецца шмат увагі ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак. Вызначаны вялікія планы па развіцці вытворчасці.

Прадуктыўным быў год для Міхаіла Гумненкава, які ўзначальвае «Шайцерава» 17 гадоў. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых склала амаль 50 ц/га, рапсу – каля 30 ц/га, што для Віцебшчыны з'яўляецца выдатным вынікам. Сельгаспрадпрыемства павялічыла выручку ад рэалізацыі прадукцыі, чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў. Асаблівая ўвага надаецца матывацыі працы і сацыяльнай сферы.

Шмат у чым дзякуючы дзейнасці Таццяны Капранавай на Талачынскім кансервавым заводзе сабрана звыш 440 цэнтнераў бульбы на круг. Гэты вынік стаў добрым укладам у агульную скарбонку, што дазволіла Віцебшчыне атрымаць самую высокую ў краіне ўраджайнасць другога хлеба.

Аляксандр Камароў разам з памочнікам Аляксандрам Склязновым намалаціў амаль 5,7 тыс. т збожжа і рапсу, што і для больш хлебаробных рэгіёнаў Беларусі з'яўляецца зусім не шараговым вынікам.

Нязменным лідарам у рэгіёне па ўраджайнасці збожжавых і зерневых бабовых з'яўляецца СПК «Ларынаўка». У гэтым вялікая заслуга галоўнага агранома Аляксандра Каплуна, які ўзначальвае службу гаспадаркі больш за 20 гадоў. Акрамя таго, да стойлавага перыяду нарыхтавана кармавых адзінак на 17% больш за мінулагодні. «Ларынаўка» з'яўляецца брыльянтам АПК Віцебшчыны, асабліва ў малочнай жывёлагадоўлі.

Пад кіраўніцтвам Пятра Беззубянка на працягу 16 гадоў гаспадаркі рэгіёну забяспечваюцца запчасткамі да сельгастэхнікі, ажыццяўляецца кантроль за правядзеннем яе рамонту.

Ад імя ўзнагароджаных выступіў Міхаіл Гумненкаў. Ён падзякаваў кіраўніцтву за ацэнку сваёй працы і выказаў упэўненасць, што каманда ААТ «Шайцерава» будзе ісці ў нагу, каб павышаліся як вытворчыя, так і эканамічныя паказчыкі.


"Віцебскія весці"