Старшыня Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў стаў майстрам гіравога спорту міжнароднага класа
Сёння ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М. Машэрава прайшла універсіада па гіравым спорце. У ёй прыняло ўдзел больш за 40 студэнтаў ВНУ. Перамог факультэт навучання замежных грамадзян.
Падчас спаборніцтваў кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў правёў майстар-клас для студэнтаў. Ён па чарзе падняў гіры 16, 24 і 32 кг, расказаў пра свой шлях у гіравы спорт і прадэманстраваў правільную тэхніку выканання ўздыму. Губернатар з'яўляецца сусветным рэкардсменам - ён за 1 хвіліну падняў 61 раз гіру ў 32 кг. Пакуль гэты вынік ніхто не змог пераўзысці. За высокія поспехі ў сілавым спорце сёння Мікалаю Шарстнёву ўручылі пасведчанне і нагрудны знак майстра гіравога спорту міжнароднага класа.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў спаборніцтваў, кіраўнік Віцебскай вобласці адзначыў, што мужчына заўсёды павінен трымаць сябе ў форме і быць гатовым абараняць сваю сям'ю, краіну. Умацаваць цела дапаможа гіра - яна шмат месца не займае і можа быць у кожнага ў пакоі. "Каб атрымліваць вынікі, трэба трэніравацца з самага дзяцінства. У вашым узросце трэба займацца сілавымі відамі спорту. Ніколі не з'явіцца вынік, калі не будзе сілы і цярпення. Стаўце мэты, навучыцеся пераадольваць сябе. Таксама не спасылайцеся на свой узрост, недахоп часу. Гэта ўсё наша безадказнасць, заўсёды ёсць магчымасць знайсці час для сябе", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Гаворачы пра ўніверсіаду, губернатар пажадаў, каб яна стала традыцыйнай і такія спаборніцтвы ў ВДУ пачалі збіраць студэнтаў-атлетаў з усіх ВНУ паўночнага рэгіёну.
Сёння ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Дня абаронцаў Айчыны. У праграме дня - прафарыентацыйныя інтэрактыўныя пляцоўкі факультэтаў для абітурыентаў з Віцебска і Полацка, працавалі фотазона, палявая кухня, выстава зброі і іншыя тэматычныя пляцоўкі.