Галоўная ёлка Прыдзвіння збярэ каля тысячы школьнікаў

Неверагодныя прыгоды і сустрэча з цудам чакаюць удзельнікаў абласнога дабрачыннага свята ў Віцебску 29 снежня, паведамілі арганізатары.

Галоўная ёлка рэгіёна збярэ ў канцэртнай зале "Віцебск" каля 1 тыс. школьнікаў з розных куткоў вобласці. Запрашэнне атрымалі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзеці-інваліды, дзеці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, сем'яў бежанцаў і іншых катэгорый, якія маюць патрэбу ў дадатковай увазе і падтрымцы.

На галоўным абласным дабрачынным свяце чакаюць таксама выдатнікаў вучобы, школьнікаў, якія маюць творчыя, спартыўныя дасягненні і інш. Дзеці стануць гледачамі інтэрактыўнага мюзікла "Чараўніцтва краіны Оз", падрыхтаванага цэнтрам культуры "Віцебск". Гасцям свята прапануюць адправіцца ў цудоўную краіну, дзе жывуць феі і ведзьмы, а жывёлы і птушкі ўмеюць размаўляць, але галоўнае, там жыве сапраўднае чараўніцтва. Менавіта таму пад Новы год Дароці, Тотошка і яе верныя сябры спяшаюцца да чараўніка краіны Оз за цудам. Разам з казачнымі персанажамі дзецям трэба будзе перажыць дзіўныя прыгоды і высветліць, у чым жа заключаецца сапраўднае цудоўнае.

У мюзікле заняты вядучыя творчыя калектывы Цэнтра культуры, горада і вобласці: ансамблі танца "Лявоніха" і "Егоза", харэаграфічны ансамбль "Зорка", тэатр песні і музыкі "Прасторы", студыя эстраднай песні "Форум", студыя сцэнічнага майстэрства "Арт-праект", шоу-балет "Сэнсацыя", цыркавая студыя "Феерыя" і інш.

Абласное свята з'яўляецца адной з галоўных падзей рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" ў рэгіёне. У мерапрыемствах акцыі прымаюць удзел прадстаўнікі абласнога выканаўчага камітэта і яго структурных падраздзяленняў, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у Віцебску, мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў. Службовыя асобы наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апекунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Кіраўнікі мясцовых органаў улады віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні праблем. Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016-га.

Алена Ціханава, БЕЛТА.