Галоўная плошча Полацка ператварылася ў археалагічны помнік
20 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Галоўная плошча Полацка ператварылася ў археалагічны помнік: упершыню археолагі пачалі даследаваць земляныя пласты ў цэнтры горада на плошчы Свабоды, недалёка ад гарвыканкама. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў кіраўнік раскопак, загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук.
У ходзе цяперашняй археалагічнай экспедыцыі даследчыкі пацвердзілі звесткі аб тым, што на гэтым месцы ў XVII стагоддзі знаходзіўся багаты жылы раён і рынкавая плошча. Археолагі знайшлі старажытную драўляную брукаванку і мноства артэфактаў: ад манет і пацерак да ўнікальных двустворчатых нацельных крыжоў-машчэвікоў, якія толькі аднойчы, у XIX стагоддзі, знаходзілі ў Полацку. Пацешылі археолагаў і выдатна захаваныя кавальскія абцугі, якія, па словах Дзяніса Дука, нават не маюць патрэбы ў рэстаўрацыі.
Спецыялісты таксама даследавалі рэшткі фундамента помніка героям вайны 1812 года. Помнік прадугледжваецца аднавіць да 200-годдзя перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года на тым жа месцы, дзе стаяў арыгінал. Археолагі прыйшлі да высновы, што помнік быў узарваны практычна да падмурка.
Па словах вучонага, раскопкі будуць працягвацца. Знойдзеныя прадметы дазваляюць спадзявацца на новыя адкрыцці. Даследчыкі разлічваюць дабрацца да пласта XII-XIII стагоддзяў.
Археалагічная экспедыцыя Полацкага дзяржуніверсітэта працуе сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Комплекснай праграмай развіцця горада на 2008-2012 гады, якая зацверджана ўказам кіраўніка дзяржавы, з 2008 года прадугледжана арганізацыя пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі па вывучэнні Полацкай зямлі, што дазваляе праводзіць сістэмную працу па раскрыцці старажытных пластоў.-0-