Галоўная пляцоўка "Славянскага базару ў Віцебску" на адзін дзень ператворыцца ў "Школьны базар"

28 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Галоўная пляцоўка "Славянскага базару ў Віцебску" Летні амфітэатр на адзін дзень, 29 жніўня, ператворыцца ў гучны і вясёлы "Школьны кірмаш", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю Віцебскага аблвыканкама Ірына Леўковіч. Традыцыйны кірмаш тавараў для школьнікаў пройдзе ў канцэртна-спартыўным комплексе ўпершыню. У ім возьмуць удзел звыш 50 прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў, якія прадставяць шырокі асартымент дзіцячых тавараў, канцылярскіх прылад і прадуктаў харчавання. Як адзначыла Ірына Леўковіч, арганізатар кірмашу - Віцебскі гарвыканкам - пры выбары месца правядзення невыпадкова спыніўся на Летнім амфітэатры. Бо, акрамя пашыранага гандлю, школьнікаў і іх бацькоў чакае нямала прыемных сюрпрызаў. Гаркам БРСМ правядзе тут Дзень любімых гульняў, а творчыя калектывы горада на сцэне Летняга амфітэатра дадуць дабрачынны канцэрт. Напярэдадні 1 верасня школьныя кірмашы будуць працаваць ва ўсіх раённых цэнтрах і гарадах вобласці. Штотыдзень у вобласці праводзяцца пашыраныя кірмашы-распродажы тавараў са зніжкамі ад 5% да 50%. Тавараабарот кірмашоў выходнага дня і кірмашоў нехарчовых тавараў з пачатку года склаў больш за Br18 млрд.-0-