Галоўная прэмія юбілейнага IFMC-2017 дасталася віцебскай студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанкі

Главная премия юбилейного IFMC-2017 досталась витебской студии современной хореографии Дианы Юрченко
Юбілейны Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які на працягу пяці дзён цешыў аматараў гэтага віду мастацтва, вырашана ў наступным годзе, калі будзе праходзіць міжнародны конкурс, паўтарыць на біс. Такое рашэнне прыняў аргкамітэт форуму на чале з міністрам культуры Беларусі Юрыем Бондарам.

За 30 гадоў IFMC стаў культурнай візітнай карткай не толькі Віцебска, але і ўсёй нашай краіны. Сёння ён шырока вядомы за межамі Беларусі, прызнаецца сусветнай харэаграфічнай супольнасцю, вызначае трэнды ў сучаснай харэаграфіі, адзначыў Юрый Бондар. Дарэчы, Юрый Паўлавіч мае прамое дачыненне да фарміравання беларускай школы танца модерн.

Будучы рэктарам дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, ён не раз прыязджаў у Віцебск на фестываль, і пры ім у гэтай навучальнай установе было адкрыта аддзяленне сучаснай харэаграфіі, якое сёлета выпусціла першых спецыялістаў.

– Выпускнікі гэтага аддзялення аказаліся вельмі запатрабаванымі, мы не змаглі задаволіць усе заяўкі, а іх было па тры на аднаго чалавека, – падкрэсліў Юрый Бондар.

Пра тое, што сучасная беларуская харэаграфія сур'ёзна заяўляе пра сябе, казалі кампетэнтныя ў гэтай сферы людзі, даследчыкі і практыкі розных еўрапейскіх школ танца, якія ацэньвалі нацыянальны конкурс, што выпаў на год юбілейнага фестывалю.

У прыватнасці, гісторык балета, загадчык кафедры танцавальнага мастацтва гуманітарна-эканамічнай акадэміі Лодзі ў Польшчы Аляксандр Азаркевіч сказаў, што яго паражаны скачок, зроблены беларускімі калектывамі за 10 гадоў, якія прайшлі з яго апошняга наведвання IFMC.

Пра ўзрослы ўзровень харэографаў гаварыў і старшыня журы, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Малдовы, мастацкі кіраўнік тэатра «Кіеў мадэрн-балет» Раду Поклітару.

– Калі раней мы адзначалі выканальніцкае майстэрства, то сёння і сачыняльнае. Многія харэографы заявілі пра сябе як пра адбыўшыхся мыслячых асобаў. Некаторыя працы нас зачаравалі, – сказаў Раду Поклітару.

А яго калега па журы, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Юрый Траян падкрэсліў, што на конкурсе было што паглядзець і што падгледзець.

Такая пахвала сучаснаму беларускаму танцу – самая вялікая ўзнагарода фестывалю, які, можна сказаць без перабольшання, узгадаваў ужо не адно пакаленне харэографаў і выканаўцаў, выхаваў сапраўдных аматараў гэтага элітарнага віду мастацтва. Удвая прыемна, калі сярод дасягненняў IFMC называюць высокае майстэрства віцебскіх калектываў.

Па выніках нацыянальнага конкурсу першая прэмія прысуджана тэатру-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанкі Цэнтра культуры "Віцебск" за працу «Глядзі, а то пачуеш…».

Яшчэ адзін віцебскі праект (сумесны тэатра-студыі Дзіяны Юрчанкі і калектыва "Свой почырк" Марыны Кушнеравай, харэограф Сяргей Толкач) – «Чалавекі» – удастоены трэцяй прэміі. Разам з ім трэцяе месца падзяліў мінскі калектыў "Strukturers» за пастаноўку «Лоўцы.

Футурыстычная фантазія пра час». Другую прэмію таксама падзялілі мінчане: майстэрня сучаснага танца пад кіраўніцтвам Міхаіла Камінскага і Яўгенія Мікалайчука, якая прыдумала і станцавала «Сны Афеліі».

Згодна з умовамі, на нацыянальным конкурсе Гран-пры не прысуджаецца, але да яго прыраўноўваецца спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава. Яе ўдастоены харэограф Дзмітрый Залескі (Тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I.", Мінск).

Характэрна, што лаўрэатам гэтай прэстыжнай узнагароды ён становіцца другі раз. Як расказаў Дзмітрый, пастаноўку «Танцы з сябрам» ён рыхтаваў для Міжнароднага конкурсу артыстаў балета і харэографаў, які праходзіў сёлета летам у Вялікім тэатры ў Маскве.

І хоць ён не ўвайшоў у лік пераможцаў, атрымаў грант на навучанне ў расійскім інстытуце сучаснага мастацтва і запрашэнне на пастаноўку ў Вялікім. А прызнанне на IFMC – гэта вышэйшы знак якасці.

Усе канкурсанты адзначалі, што віцебскі фестываль – гэта пляцоўка для абмену досведам, прафесійнага навучання, магчымасць убачыць лепшыя працы прызнаных майстроў.

У гасцявую праграму былі ўключаны пастаноўкі даўніх сяброў фестывалю, улюбёнцаў віцебскай публікі «Балета Яўгена Панфілава» і «Кіеў мадэрн-балета». Панфілаўцы прывезлі прэм'еру – аднаактавы балет-фантазію «Самазванец», пастаўлены па матывах казкі Андэрсена «Цень».

А кіеўляне – дзве пастаноўкі: «Доўгі калядны абед» на музыку Вівальдзі і «Кармэн. TV» на оперу Бізэ. Апошняя праца Раду Поклітару ўдастоена многіх прэстыжных узнагарод, а цяпер ёй апладзіравалі самыя патрабавальныя, па ацэнцы аўтара, і дасведчаныя віцебскія гледачы.

Сімволічна, што гэтая класічная гісторыя любові, пастаўленая як сучасны двухсерыйны харэаграфічны тэлефільм, які па жаданні гледача можна паўтарыць, завяршала IFMC – 2017. Варта зноў націснуць кнопку, і прадстаўленне пачнецца. Праўда, з перапынкам на год.

"Віцебскія весці".