Галоўная сцэна фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" пачынае канцэртны марафон

11 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Галоўная сцэна міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - Летні амфітэатр пачынае канцэртны марафон. Гастрольная афіша двух перадфестывальных месяцаў упрыгожана імёнамі папулярных выканаўцаў і незвычайнымі для канцэртнай сцэны прадстаўленнямі, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Амфітэатр працягне супрацоўніцтва з каналам СТБ і да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў арганізуе канцэрт-здымку "Памяць сэрца". У ім возьмуць удзел беларускія выканаўцы і спецыяльны госць - Валянціна Талкунова. Году роднай зямлі прысвечаны яшчэ адзін сумесны праект тэлеканала і папулярнай канцэртнай пляцоўкі - канцэрт-здымка "Песні роднай зямлі". 4 чэрвеня віцебская публіка ўбачыць нашумелы беларускі мюзікл "Байкер". Шакаваць гледачоў абяцаюць таксама беларускія эстрадныя дзівы Іскуі Абалян, Ларыса Грыбалёва, Вера Карэтнікава, Ганна Шаркунова і Венера. Любоўныя прызнанні яны зробяць у канцэрце з гаваркой назвай "Жаночыя гісторыі". У бліжэйшы месяц гасцямі Летняга амфітэатра стануць расійскія папулярныя выканаўцы: "Ночные снайперы", "Чай вдвоем", Стас П'еху. Адкрыццём для віцебскіх гледачоў абяцае стаць канцэрт пецярбургскай спявачкі Алены Ваенгі, чыё імя добра вядома музычным гурманам. Сярод незвычайных для канцэртнай пляцоўкі праектаў у Цэнтры культуры назвалі фінал і паказальныя выступленні Чэмпіянату і першынства Беларусі па каратэ Кёкусінкай. Перадфестывальныя канцэрты завершацца 20 чэрвеня. Затым Летні амфітэатр возьме невялікі тайм-аўт для падрыхтоўкі да галоўнай падзеі - XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў. Фанфары абвесцяць аб яго адкрыцці 10 ліпеня.-0-