Галоўная мэта мадэрнізацыі - павышэнне якасці жыцця людзей

Галоўнай мэтай мадэрнізацыі вытворчых прадпрыемстваў павінна стаць павышэнне якасці жыцця людзей. Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мадэрнізацыя павінна праводзіцца ў інтарэсах працоўных калектываў, і яе галоўнай мэтай павінна стаць павышэнне якасці жыцця людзей. Без развіцця прамысловасці, стварэння ўмоў для павышэння прадукцыйнасці працы, забеспячэння эфектыўнай працы прамкомплексу, АПК, будкомплексу немагчыма дамагчыся значнага росту заработнай платы", - падкрэсліў губернатар.

Праграма развіцця прамысловага комплексу Віцебскай вобласці да 2015 года была зацверджана дэпутатамі аблсавета яшчэ ў канцы 2009 года. З моманту яе рэалізацыі ў 2010 годзе ажыццёўлена 383 мерапрыемствы па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі. Знос актыўнай часткі асноўных вытворчых фондаў прамысловых прадпрыемстваў скараціўся з 67,9% на пачатку 2010 года да 55,5% у 2012 годзе. Разам з тым на працягу 2010-2012 гадоў 140 мерапрыемстваў праграмы, накіраваныя на тэхпераўзбраенне і мадэрнізацыю, не выкананы ў поўным аб'ёме.

З 1156 прамысловых прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі вобласці, планы па развіцці і мадэрнізацыі да 2015 года ажыццяўляюць 1137. Адсутнасць грашовых сродкаў не дазваляе рэалізаваць тры праекты на ААТ "Віцебскі прыборабудаўнічы завод", на ААТ "Даламіт". Не вызначаны напрамкі развіцця ААТ "Лепельскі рамонтна-механічны завод".

На думку Аляксандра Косінца, спасылкі кіраўнікоў на тое, што правядзенне мадэрнізацыі немагчыма з-за адсутнасці сродкаў, не павінны прымацца да ўвагі. "Калі не бачаць крыніцы фінансавання - значыць, не хочуць (праводзіць мадэрнізацыю. - Заўвага БЕЛТА)", - перакананы ён. Губернатар запатрабаваў увесці персанальную адказнасць дырэктарскага корпуса за рэалізацыю праектаў па абнаўленні вытворчасцей і правесці пазачарговую атэстацыю кіраўнікоў прадпрыемстваў.

БЕЛТА