Галоўнае — не быць абыякавым: у Віцебску актыўна праходзяць перадвыбарчыя інфармацыйна-агітацыйныя пікеты

Маленькія астраўкі ў самых людных месцах Віцебска: ініцыятыўныя групы працуюць сёння ў самых папулярных кутках абласнога цэнтра. Асаблівае ажыўленне — у пасляпрацоўны час і выхадныя дні.


— Тут, каля гандлёвага цэнтра, я часта бачу перадвыбарныя пікеты, — пенсіянерка Ірына Яскевіч ужо ўважліва вывучае ўлёткі. — Усе кандыдаты — людзі знаёмыя, аўтарытэтныя. Можна галасаваць. Наколькі важная дэпутацкая праца? Дык гэта ж нашы прадстаўнікі! Спачатку абярэм, а потым за справу спытаем.

Ірына Захараўна ўспамінае: былі неяк у іх шматпавярховіку праблемы з падвалам. Звярталіся некалькі разоў у ЖКГ — безвынікова. Пайшлі ў выніку на прыём да дэпутата — усё вырашылася! Але ж жыллёва-камунальныя нюансы — гэта толькі кропля ў вялікім моры спраў, якімі кіруюць прадстаўнікі мясцовых Саветаў.

Алеся Філіповіч — індывідуальны прадпрымальнік. Яна не па чутках ведае: хочаш нешта ў жыцці змяніць — бяры і рабі, не чакаючы манны з неба. Так і з выбарамі. Нельга быць абыякавым і лічыць, што ад твайго голасу нічога не залежыць.

— Яшчэ як залежыць! — пераканана суразмоўніца. — Каго выбярэм, той нашы інтарэсы і будзе адстойваць. Хаосу не трэба, дзякуй, адчулі калісьці, да чаго вядзе ўсёдазволенасць... І каб потым нікога не абвінавачваць, сёння трэба сказаць сваё слова. Я, напрыклад, усім задаволена і хачу стабільнасці для дзяцей і ўнукаў. Старэйшая дачка скончыла тэхналагічны ўніверсітэт, таксама займаецца бізнесам. Малодшая вучыцца ў гімназіі, рыхтуецца да паступлення на факультэт замежных моў. Будзе спакой у краіне — буду за іх спакойная і я. 

Да нас падыходзіць Алена Груздзева. Яна працуе ў сферы адукацыі. Таксама ўпэўнена, што беларусы самі вызначаюць сваё жыццё. І дробязей у выбарчых кампаніях няма і быць не можа.

— І сын, і дачка — абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, добра ўладкаваліся. Хутка стану цешчай. Маладая сям'я марыць пабудаваць свой дом, і я ўпэўнена: усё ў іх атрымаецца. У Беларусі цяпер на зайздрасць іншым усё выдатна: і навучыцца, і зарабіць можна. Калі, вядома, не баішся працы.

У размову ўключаецца шматдзетная мама Лідзія Халенкова. Гадавы Арцём — у калясцы, васьмікласнік Максім — побач, дома — Мікіта. Тры сыны, тры надзеі…

— Выбары — гэта не проста лісток у календары, гэта важная і патрэбная для ўсіх і кожнага падзея. Ад правільнай пазіцыі залежыць бліжэйшае будучае, — кажа віцяблянка.

Кандыдатаў у дэпутаты на сваім выбарчым участку наша суразмоўніца ўжо ведае: вывучыла біяграфіі, азнаёмілася з праграмамі. Выбар зрабіла. Прызнаецца: страшна апошнім часам глядзець тэлевізар — войны, узброеныя канфлікты, бежанцы…

— Перш за ўсё хочацца, каб Беларусь заставалася надзейным, мірным астраўком, — робіць акцэнт Лідзія Халянкова. — Мы выраслі ў міры, нашым дзецям трэба перадаць традыцыі міру і дружбы ў спадчыну. Цяпер мы як шматдзетная сям'я з дапамогай дзяржавы будуем новую кватэру, карыстаемся іншымі льготамі. Я спакойна выхоўваю сыноў, знаходжуся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Ведаю, што ў іншых краінах такіх трохгадовых аплатных адпачынкаў днём з агнём не знойдзеш… З заробкамі таксама ў нас усё ў парадку. Па спецыяльнасці я лекар, ведаю, што маім калегам нядаўна зноў павысілі аклады. Што яшчэ трэба? Толькі ўласная цвёрдая грамадзянская пазіцыя. Гэта не гучныя словы. Па-іншаму не скажаш — мы самі выбіраем сваё жыццё.

"СБ"