Галоўную сцэну «Славянскага базару» рыхтуюць да фестывалю кругласутачна
Спецыялісты з Масквы ў кругласутачным рэжыме рыхтуюць сцэну Летняга амфітэатра да ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе з 11 па 15 ліпеня.
Праца над афармленнем галоўнай сцэнічнай пляцоўкі форуму мастацтваў пачалася 1 ліпеня. У Віцебск прыехалі 22 спецыялісты па ўстаноўцы дэкарацый і сцэнічнага абсталявання з расійскай сталіцы, паведамляе сайт фестывалю "Славянскі базар". Над афармленнем сцэны працуюць тры службы. Кампанія ТАА "ДэкАрт" ставіць дэкарацыі, кампанія "Стелс" зараджае ў дэкарацыі экраны, кампанія "Рэнта" мантуе святлоабсталяванне. З Масквы прывезлі дзесяць фур дэкарацый.
"Згодна з графікам работ мы завершым мантаж сцэнічнага абсталявання 7 ліпеня. Тэрміны дастаткова сціснутыя, але гэта звыклы для нас рэжым. У Віцебску, як і на іншых пляцоўках, мы працуем практычна кругласутачна", – цытуе фестывальны сайт начальніка вытворчасці кампаніі ТАА "ДэкАрт" Юрыя Чубенку.
Адметнай асаблівасцю сцэнаграфіі сёлета стане тое, што ўпершыню святлодыёдныя экраны будуць устаноўлены на падлозе сцэны. Гэта будзе падобна на своеасаблівы подыум для артыстаў. Некаторыя элементы афармлення, напрыклад, святлодыёдныя калоны, будуць дынамічнымі, а кіраваць імі будуць "інтэлектуальныя лябедкі".
Фота: festival.vitebsk.by