Галоўнай падзеяй Тыдня маці ў Віцебскай вобласці стане ўручэнне прэміі імя З.Тусналобовай-Марчанкі
9 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Галоўнай падзеяй Тыдня маці ў Віцебскай вобласці стане ўручэнне абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобывай-Марчанка. Урачыстая цырымонія па традыцыі пройдзе 14 кастрычніка ў Дзень маці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама.
Ушанаванне жанчын напярэдадні Дня маці праходзіць ва ўсіх раёнах і гарадах вобласці. Спецыяльныя канцэртныя і літаратурныя праграмы падрыхтавалі ўстановы культуры і адукацыі рэгіёна. А вось сямейныя клубы вобласці ў гэтыя дні арганізавалі сваё свята - "Няхай плыве караблік шчасця". Варта адзначыць, што толькі ў клубных установах Віцебшчыны працуюць каля 80 сямейных клубаў, удзельнікамі якіх з'яўляюцца больш за 500 чалавек.
Абласная прэмія імя Зінаіды Тусналобывай-Марчанка сёлета будзе ўручана 26 жанчынам. Сярод іх кіраўнікі прадпрыемстваў і хатнія гаспадыні, маладыя і паважаныя працаўніцы. Аднак усіх іх аб'ядноўвае адно - вернасць свайму матчынаму абавязку. Бо сярод іх ёсць і шматдзетныя маці, і жанчыны, якія ўзялі на выхаванне сірот.
Першыя лаўрэаты абласной прэміі былі названы ў 1987 годзе. З таго часу нялёгкая матчына праца больш чым 200 жанчын была адзначана гэтай узнагародай.
Герой Савецкага Саюза Зінаіда Тусналобыва-Марчанка нарадзілася на Расоншчыне. На фронт пайшла медсястрой, калі ёй не споўнілася яшчэ 22 гады. За 8 месяцаў вынесла з поля бою 128 параненых. У лютым 1943 года была цяжка паранена, пазбавілася абедзвюх рук і ног. Разам з мужам-франтавіком выгадавала дваіх дзяцей, вяла актыўную грамадскую работу. Зінаіда Тусналобыва-Марчанка стала трэцяй савецкай медсястрой, якая была ўдастоена медаля імя Флорэнс Найцінгейл.-0-