Глыбачане да Дня беларускага пісьменства прачыталі «Новую зямлю» Коласа разам
30 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Глыбачане да Дня беларускага пісьменства прачыталі "Новую зямлю" Якуба Коласа разам, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава.
Праект "Чытаем "Новую зямлю" разам" рэалізаваны ў красавіку-жнівень па ініцыятыве раённага аддзела культуры з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Любімыя ўрыўкі з гэтага праграмнага твора на камеру прачыталі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, педагогі, прадстаўнікі працоўных прафесій - усяго каля 40 чалавек. Затым спецыялісты арганізацыйна-метадычнага цэнтра зманціравалі са сабраных запісаў 45-хвілінны фільм, для стварэння якога выкарыстоўваліся таксама ілюстрацыі да паэмы розных мастакоў.
Вынік пяцімесячнай працы будзе прадстаўлены шырокай публіцы і яго непасрэдным удзельнікам 1 верасня на Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім: вечарам а 21.00. у дворыку цэнтра (у выпадку дажджу - у памяшканні) адбудзецца прэзентацыя фільма, на якую запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Праект, з'яўляючыся адным з мерапрыемстваў Года кнігі, закліканы папулярызаваць чытанне і беларускую літаратуру.-0-