Глыбокае прэтэндуе на званне вішнёвай сталіцы Беларусі
Глыбокае рыхтуецца абвясціць сябе вішнёвай сталіцай Беларусі. Але для пачатку правядзе вішнёвы фестываль, падрыхтоўка да якога ўжо пачалася, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама.
На Віцебшчыне ўсе добра ведаюць, што цяжка знайсці вішні смачнейшыя за глыбоцкія. Калісьці вішнёвыя сады ў Глыбоцкім раёне заклаў мясцовы памешчык-селекцыянер Лапер, які прывозіў саджанцы з Польшчы. Менавіта з яго садоў сакавітая, салодкая і зімаўстойлівая вішня ступіла спачатку ў тутэйшыя сялянскія сядзібы, а потым распаўсюдзілася па ўсім краі. Дагэтуль вішнёвая слава Глыбокага перадаецца з вуснаў у вусны, і ў дні збору ўраджаю прыцягвае ў мястэчка нямала запасливых гаспадароў.
Мясцовыя арганізатары турыстычнага адпачынку вырашылі выкарыстаць вішню ў сваіх мэтах і правесці ў сярэдзіне будучага лета вішнёвы фестываль. Добра, што ў горадзе, дзякуючы праведзеным тут у верасні Дню беларускага пісьменства, створана добрая турыстычная інфраструктура. Праграма фестывалю ўжо складваецца. У яе ўвойдуць кулінарнае шоў, забаўляльныя праграмы з вішнёвым падтэкстам, але галоўнай падзеяй стане вішнёвы кірмаш. Вясной глыбачане збіраюцца закласці вішнёвы сад з дрэвамі з розных куткоў свету.
Праект глыбачан "Вішнёвы фестываль" заняў другое месца ў нядаўна завершаным рэспубліканскім конкурсе творчых работ па прасоўванні гарадоў і рэгіёнаў Беларусі ў рамках III Міжнароднага форуму "Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць". На думку спецыялістаў, гэты праект дазволіць прыцягнуць увагу да рэгіёну, павялічыць паток турыстаў, а галоўнае - стварыць новы турыстычны брэнд. У якасці ўзнагароды распрацоўкай глыбоцкага вішнёвага брэнда зоймецца прызёр Міжнароднага фестывалю рэкламы "Канскія львы" рэкламнае агенцтва "Крынь".
Варта адзначыць, што вішню любяць усюды, таму і вішнёвыя фестывалі праводзяць у многіх краінах: у ЗША такіх фестываляў два - у Вашынгтоне і Трэвер-сіці, у Харватыі вішнёвай сталіцай лічыцца Лоўран, у Літве - мястэчка Жагары, а ў Расіі - Уладзімір.