Глыбокае прызнана Горадам культуры Беларусі 2018 года сярод райцэнтраў
У мінулым годзе ўстановы культуры правялі каля 5,9 тыс. мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным, прафесійным святам, памятным датам.
– У Год малой радзімы больш увагі пастараліся надаць захаванню, прымнажэнню культурнай спадчыны, прыцягнуць да гэтага як мага больш жыхароў краю, – падкрэсліў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Мархат. – У перспектыве рыхтуем не менш маштабныя праекты па добраўпарадкаванні, азеляненні населеных пунктаў.
Напрыклад, у 2018-м з’явіліся парк паэзіі, новая зона адпачынку «Вышыня». У межах шостага міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль», які па праву можна назваць візітнай карткай культурнага жыцця раёна, адбылося адкрыццё рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы, спартыўна-гульнявой пляцоўкі на вуліцы Вясёлкі, у цэнтры горада ўсталявалі фестывальную кветку дружбы.
Запомніліся многім маляўнічы «Дударскі рэй», раённы конкурс макетаў «Помнікі і абеліскі Глыбоччыны», фестываль юных талентаў «Вясёлыя галасы». У спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі быў уключаны яшчэ адзін гістарычны аб'ект раёна – магіла мастака, этнографа, фалькларыста, археолага Язэпа Драздовіча, 130-годдзе з дня нараджэння якога святкавалі мінулай восенню.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч адзначыла, што пры падвядзенні вынікаў кампетэнтнае журы ўлічвала многія аспекты, у тым ліку мастацкі ўзровень праводзімых культурных мерапрыемстваў, рэалізацыю наватарскіх культурных праектаў, фінансава-эканамічныя паказчыкі.
Не маглі не ўлічыць члены журы і тое, якая каласальная праца праводзіцца ў раёне па эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення, як імкліва развіваюцца трансгранічныя культурныя сувязі глыбачан з жыхарамі суседніх краін. У прыватнасці, Лудзенская мастацкая школа ў Латвіі і Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча супрацоўнічаюць ужо больш за пяць гадоў.
У 2018-м атрымала адабрэнне іх новая праектная заяўка «Маладыя рамеснікі за захаванне і развіццё традыцыйных навыкаў праз трансгранічнае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Латвіі, Літвы і Беларусі».
А Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей у межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, завяршыў рэалізацыю мясцовай ініцыятывы «Стварэнне віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна».
Дарэчы, рашэннем райвыканкама 2018-ы быў названы Годам захавання гістарычнай спадчыны Глыбоччыны. Быў зацверджаны план мерапрыемстваў, які ўключае пасадку дрэў і кустоў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і могілак. Арганізацыі раёна аказвалі дапамогу па навядзенні парадку каля праваслаўных і каталіцкіх святынь.
Свайго часу глыбачане на высокім узроўні правялі Дзень беларускага пісьменства, гэтак жа маляўнічым было святкаванне 600-годдзя горада. Глыбокае нароўні з Гомелем, Лідай і Мазыром перамагло ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Пазней дзіцячую пляцоўку «Брыгандзіна», размешчаную паблізу возера Кагальнае, назвалі лепшай сярод падобных месцаў адпачынку ў краіне.
У спісе апошніх найбольш значных дасягненняў – перамога на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм, комплексаў», прызнанне Глыбоччыны лепшай для развіцця бізнесу сярод рэгіёнаў Віцебшчыны з насельніцтвам менш за 50 тыс. чалавек. Па выніках 2017 года раён быў занесены на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару.
Па словах Алега Морхата, галоўная задача – не страціць набраную вышыню, гэтак жа зладжана, эфектыўна працаваць і далей. Увасобіць у рэальнасць некаторыя задумы абяцаюць дапамагчы ўраджэнцы азёрнага краю, якія гэтак жа, як і жыхары раёна, хочуць бачыць любімы горад чыстым, прыгожым, якія патанаюць у зеляніне паркаў і садоў.