Глыбокскія гімназісты атрымалі ліст ад каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II
Каралева Вялікабрытаніі Елізавета II шчыра дзякавала рабят за цёплыя словы віншавання, назваўшы іх сябрамі. У другім пісьме, дасланым з канцылярыі каралевы Вялікабрытаніі, напісана, што Яе Вялікасць удзячна гімназістам за адпраўленую вясной паштоўку.
...А пачыналася гэтая загадкавая гісторыя з Тыдня замежных моў, які прайшоў у гімназіі ў красавіку гэтага года. У рамках шматлікіх мерапрыемстваў адбылася сустрэча, прысвечаная каралеўскай дынастыі. Тады навучэнцы гаварылі пра важную дату – 90-гадовы юбілей Яе Вялікасці. Ідэя напісаць пісьмо каралеве нарадзілася нечакана. Настаўнікі англійскай мовы Ганна Атрахімовіч, Вольга Аніськовіч, Алена Рудак і Наталля Януш падтрымалі ініцыятыву рабянят.
— Пісьмо навучэнцы розных класаў пісалі разам, — узгадвае намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Наталля Адамовіч. — Простымі словамі, без пафасных фраз, таму і атрымалася так шчыра і ад усяго сэрца. Канверт адправілі ў той жа дзень.
Па словах Наталлі Афетаўны, заламінаваная копія каралеўскага пісьма адгэтуль будзе захоўвацца ў кабінеце замежных моў, а арыгінал пакуль знаходзіцца ў кабінеце дырэктара. Сам факт перапіскі з каралевай ужо занесены ў летапіс гімназіі.
У гэтай установе адукацыі замежныя мовы вывучаюцца на павышаным узроўні. Апошнім часам шматлікія гімназісты захапіліся посткросінгам. Адпраўляюць паштоўкі, падпісаныя на розных мовах, па ўсім свеце і атрымліваюць не менш маляўнічыя прывітанні ад новых сяброў з іншых краін.
Дзіяна БЕРНІКОВІЧ, фота аўтара. «Віцебскія весці».