Глыбоцкі камбікормавы завод у 2010 годзе асвоіць выпуск экструдаванага канцэнтрату з ільнонасення
22 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод" асвоіць у 2010 годзе вытворчасць высокапажыўнага экструдаванага харчовага канцэнтрату (ЭГК) на аснове ільнонасення. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Харэвіч.
Прадукт, распрацаваны спецыялістамі Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі сумесна з Асіповіцкім хлебазаводам (Магілёўская вобласць), можа выкарыстоўвацца ў якасці вітаміннай дабаўкі ў кандытарскія і хлебабулачныя вырабы, а таксама пры вытворчасці заменнікаў суцэльнага малака і камбікармоў для жывёл. За кошт высокага ўтрымання альфа-ліналенавай кіслаты, вітаміну F і іншых карысных рэчываў ён будзе спрыяць лепшаму засваенню раслінных тлушчаў і росту жывёл.
Для выпуску ЭГК завод ужо закупіў спецыяльнае абсталяванне коштам больш за Br470 млн. У цяперашні час вядзецца яго мантаж, а таксама выконваюцца мерапрыемствы па мадэрнізацыі прадпрыемства, звязаныя з асваеннем новага віду прадукцыі. Прыступіць да вытворчасці плануецца ў другім паўгоддзі 2010 - пачатку 2011 года. Першапачатковая партыя прадукту складзе 20 т. У наступныя гады аб'ём выпуску будзе павялічаны (2012 год - 60 т, 2013-ы - 180 т). Плануецца, што экструдаваны харчовы канцэнтрат у першую чаргу атрымае распаўсюджванне ў гаспадарках Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Ён заменіць імпартны аналаг, кошт якога ў 1,5 раза вышэйшы за айчынную распрацоўку.
Акрамя таго, у 2010 годзе глыбоцкае прадпрыемства плануе пабудаваць міні-завод па перапрацоўцы насення рапсу магутнасцю 20 тыс. т прадукцыі ў год. Бізнес-план і тэхнічная дакументацыя па гэтым праекце ў цяперашні час знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі, адзначыў Аляксандр Харэвіч.
За 2009 год завод выпусціў прадукцыі на Br24 млрд., што на 15,1% вышэй за ўзровень папярэдняга года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за студзень-лістапад - 4,2%. Паказчык па энергазберажэнні за мінулы год пры заданні мінус 11% склаў мінус 17,9%. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі Br3,8 млрд.
Глыбоцкі камбікормавы завод заснаваны ў 1974 годзе, акцыянаваны ў снежні 2009-га. Мае вытворчы ўчастак па выпуску прадукцыі птушкагадоўлі ў Полацку. Спецыялізуецца на вытворчасці камбікармоў (56 тыс. т у год) і перлавай крупы (300 т), прадукцыі птушкагадоўлі. Сярэдне-спісачная колькасць работнікаў з улікам полацкага ўчастка - звыш 370 чалавек.-0-