Глыбоцкі камбікормавы завод у 2010 годзе плануе пабудаваць міні-завод па перапрацоўцы насення рапсу

16 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод" у 2010 годзе плануе пабудаваць міні-завод па перапрацоўцы насення рапсу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Харэвіч. У адпаведнасці з бізнес-планам аб'ект размесціцца ў былым крупацэху. Кошт устаноўленага тут чэшскага абсталявання складзе каля Br2,5 млрд. Неабходны аб'ём сродкаў для будаўнічых работ пралічваецца. Вытворчасць будзе разлічана на перапрацоўку 20 тыс.т сыравіны ў год. Пасля выхаду на праектныя магутнасці гэта дазволіць павялічыць увесь гадавы аб'ём вытворчасці прадпрыемства на 25-30%. У цяперашні час на заводзе штогод выпускаецца каля 56 тыс.т камбікармоў і 300 т перлавай крупы. Праектна-каштарысную дакументацыю на новы аб'ект прадпрыемства плануе атрымаць на працягу найбліжэйшых месяцаў, пасля чаго адразу прыступіць да яго ўзвядзення. Запуск міні-завода намечаны на бягучы год. За 2009 год завод выпусціў прадукцыі на Br24 млрд., што на 15,1% вышэй за ўзровень папярэдняга года. Паказчык па энергазберажэнні пры заданні мінус 11% склаў мінус 17,9%. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі Br3,8 млрд. Глыбоцкі камбікормавы завод заснаваны ў 1974 годзе, акцыянаваны ў снежні 2009-га. Мае вытворчы ўчастак па вытворчасці прадукцыі птушкагадоўлі ў Полацку. Спецыялізуецца на выпуску камбікармоў і перлавай крупы, прадукцыі птушкагадоўлі. Сярэдне-спісачная колькасць работнікаў з улікам полацкага ўчастка - звыш 370 чалавек.-0-