Глыбоцкі кансервавы завод пачаў сяўбу гароху
19 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод" прыступіў да сяўбы гароху. Гэтай агародніннай культурай ужо засеяна каля 70 га, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Леанід Барыла.
Усяго сёлета прадпрыемства плануе пасеяць сыравінны гарох на плошчы 607 га, яшчэ каля 100 га адведзена пад насенне. Падрыхтоўчыя работы праведзены з улікам вопыту мінулага года, калі быў сабраны добры ўраджай гэтай агародніннай культуры, аднак не ўдалося пазбегнуць страт з-за неспрыяльных умоў надвор'я. Прадпрыемства цалкам забяспечана ўгнаеннямі, а якасна праведзеная пасяўная апрацоўка глебы і наяўнасць элітнага насення дазваляюць разлічваць на добры ўраджай гароху і сёлета, адзначыў Леанід Барыла. Усяго прадпрыемства плануе нарыхтаваць каля 1,5 тыс. т гэтай агародніннай культуры.
Акрамя таго, цяпер завяршаюцца падрыхтоўчыя работы да сяўбы морквы, капусты, буракоў і цукіні, пад якія адведзена ўсяго каля 60 га.
Прадпрыемства плануе таксама нарыхтаваць 450 т бярозавага соку, з якіх ужо амаль 98% прынята і паступіла на перапрацоўку. Сёлета акрамя разліву соку ў шкляную тару завод плануе ўпершыню выпусціць бярозавы сок у ўпакоўцы тэтрапак на лініі, усталяванай два гады таму. Усяго прадугледжваецца вырабіць каля 100 тыс. тэтрапакаў бярозавага соку.
Глыбоцкі кансервавы завод утвораны ў 1948 годзе, акцыянаванне ўнітарнага прадпрыемства праведзена ў 2003 годзе. Завод спецыялізуецца на выпуску пладова-агародніннай прадукцыі, кансерваванага гарошку, сокаў і канцэнтрату.-0-