Глыбоцкі кансервавы завод накіраваў звыш 200 тыс. еўра на мадэрнізацыю цэха па вытворчасці сокаў
24 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод" накіравала звыш 200 тыс. еўра на мадэрнізацыю цэха па вытворчасці сокаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
За кошт гэтых інвестыцый завод закупіў прэс для перапрацоўкі яблыкаў. Сучаснае абсталяванне нямецкіх вытворцаў ужо заняло месца свайго састарэлага папярэдніка. Яго магутнасць складае 10 т яблыкаў у гадзіну, што ўдвая перавышае магчымасці ранейшага абсталявання. Для наладкі прэса ў трэцім квартале на прадпрыемства прыедуць спецыялісты з Германіі. Запуск плануецца ажыццявіць да яблычнага сезону.
Увод у эксплуатацыю новага прэса дазволіць за меншую колькасць часу перапрацоўваць большы аб'ём сыравіны. Акрамя таго, будзе забяспечана высокая якасць атрыманага яблычнага соку, адзначылі спецыялісты.
У студзені-маі завод выпусціў прадукцыі на Br3 млрд., што на 66,2% больш у параўнанні з узроўнем мінулага года. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 11,4% пры заданні мінус 11%. Па выніках чатырох месяцаў выпуск прадукцыі абнавіўся больш чым на 50%, што спрыяла скарачэнню запасаў тавару на складах амаль у чатыры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. Асноўная частка вырабаў рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі. Нязначная частка экспартуецца ў Расію, Украіну і Казахстан. У асноўным гэта прадукцыя абедзеннай групы, зялёны гарошак і сокі.
Прадпрыемства заснавана ў 1946 годзе, ператворана ў ААТ у 2002-м. Спецыялізуецца на вытворчасці пладова-агародніннай прадукцыі, абедзенных кансерваў, сокаў, канцэнтрату. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае каля 100 найменняў. Вытворчыя магутнасці завода складаюць каля 32 муб кансерваў у год.-0-