Глыбоцкі кансервавы завод плануе пашырыць да канца года асартымент кансерваў з фасолі
7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод" плануе развіваць лінейку кансерваў на аснове фасолі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Леанід Барыла.
Да выпуску кансерваў з фасолі прадпрыемства прыступіла сёлета. У цяперашні час у гэтай групе пяць відаў кансерваў: фасоль натуральная, фасоль у таматным соусе, з агароднінай, з грыбамі і лобіё. Для іх вытворчасці прадпрыемства штомесяц перапрацоўвае каля 20 т сыравіны. Аднак у бліжэйшыя месяцы гэты аб'ём узрасце, бо тэхнолагі прадпрыемства распрацоўваюць тры навінкі, доследныя партыі якіх з'явяцца да канца года.
Кансервы на аснове фасолі выпускаюцца на лініі па перапрацоўцы зялёнага гарошку. Іх вытворчасць была пачата з-за неабходнасці загрузіць абсталяванне ў міжсезонны перыяд. Новая прадукцыя прыйшлася па густу спажыўцам, таму прадпрыемства і вырашыла развіваць гэты напрамак.
За студзень-жнівень завод вырабіў прадукцыі на Br7,8 млрд. Асноўная частка выпускаемых вырабаў рэалізуецца ў Беларусі. Каля 10% прадукцыі экспартуецца ў Расію, Туркменістан і Казахстан. У асноўным гэта прадукцыя абедзеннай групы, зялёны гарошак і сокі.
Прадпрыемства заснавана ў 1946 годзе. Пераўтворана ў ААТ у 2002-м. Спецыялізуецца на вытворчасці пладова-агародніннай прадукцыі, абедзенных кансерваў, сокаў, канцэнтрату. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае каля 70 найменняў. Вытворчыя магутнасці завода складаюць каля 32 муб кансерваў у год. -0-