Глыбоцкі кансервавы завод плануе нарыхтаваць каля 1,5 тыс. т зялёнага гарошку
18 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод" плануе нарыхтаваць каля 1,5 тыс. т зялёнага гарошку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства па сельскай гаспадарцы і нарыхтоўках Уладзімір Крываротаў.
Сёлета пад гарох адведзена 608 га з 690 га, занятых агароднінай і зелянінай. Глыбоцкія перапрацоўшчыкі атрымалі добры ўраджай бабовай культуры, на асобных палях ураджайнасць дасягала 60 ц/га. Аднак неспрыяльныя ўмовы надвор'я адбіваюцца на ходзе ўборачнай кампаніі. "Нам не ўдалося пазбегнуць страт сыравіннага гарошку, каля 270 га пасяўных плошчаў фактычна выведзены з уборкі - недзе ўраджай вымок і не прыдатны для перапрацоўкі, асобныя палі ператварыліся ў непраходныя для гарохаўборачнага камбайна", - адзначыў Уладзімір Крываротаў. Цяпер убрана каля 220 га пасеваў, ураджайнасць складае 37 ц/га. Прадпрыемства ўжо адправіла на перапрацоўку звыш 800 т сыравіны. Яшчэ даспевае гарох на плошчы каля 150 га, перапрацоўшчыкі разлічваюць сабраць з гэтых земляў звыш 400 т.
Прадпрыемства мае намер выпусціць у гэтым годзе каля 5 млн. умоўных слоікаў кансерваванага зялёнага гарошку.
Кансервавы завод на ўласных і арандаваных землях вырошчвае таксама капусту, моркву, буракі і бульбу. Пад гэтыя культуры адведзена каля 80 га. Уласная сельгасвытворчасць дазваляе знізіць узровень затрат на перапрацоўваемую сыравіну і пазбавіцца ад неабходнасці дадатковых паставак агародніны. Больш таго, віды на ўраджай гэтых культур сёлета дазволяць не толькі задаволіць патрэбы завода ў такой сыравіне, але і рэалізаваць частку агародніны знешнім спажыўцам.
Глыбоцкі кансервавы завод утвораны ў 1948 годзе, акцыянаванне унітарнага прадпрыемства праведзена ў 2003 годзе. Завод спецыялізуецца на выпуску пладаагародніннай прадукцыі, кансерваванага гарошку, сокаў і канцэнтрату.-0-