Глыбоцкі кансервавы завод павялічыў экспарт бярозавага соку ў Туркменістан у 4 разы
3 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод" павялічыў у 2010 годзе экспарт бярозавага соку ў Туркменістан у 4 разы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу і збыту прадпрыемства Наталля Скурат.
Пастаўку бярозавага соку ў Туркменістан глыбоцкае прадпрыемства пачало ў 2009 годзе. Усяго за мінулы год было адгружана два вагоны гэтай прадукцыі на $70 тыс. Пачынаючы з красавіка гэтага года завод адправіў у Туркменістан шэсць вагонаў з сокам, і яшчэ два адправяцца да канца лістапада. Як плануецца, у гэту краіну будзе экспартавана каля 350 т прадукцыі на $280 тыс.
Прызнанне на рынку Туркменістана атрымала і іншая прадукцыя Глыбоцкага кансервавага завода. Так, у гэтым годзе прадпрыемства адправіла 150 тыс. слоікаў зялёнага гарошку на $50 тыс. У наступным годзе аб'ём яго паставак плануецца павялічыць да 800 тыс. слоікаў, такая дамоўленасць ужо дасягнута. Акрамя таго, зараз у Туркменістане праводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя ўзораў прадукцыі абедзеннай групы, да экспарту якой завод спадзяецца прыступіць да канца года.
Усяго за студзень-кастрычнік бягучага года прадпрыемства экспартавала ў Туркменістан, Расію, Грузію і Казахстан прадукцыі на $350 тыс., або 120% да аналагічнага перыяду мінулага года. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі складае каля 30%, што адпавядае ўзроўню мінулага года.
Прадпрыемства заснавана ў 1946 годзе, ператворана ў ААТ у 2002-м. Спецыялізуецца на вытворчасці плодаагародніннай прадукцыі, абедзенных кансерваў, сокаў, канцэнтрату. Асартымент выпускаемых вырабаў налічвае звыш 150 найменняў.-0-