Глыбоцкі кансервавы завод у 2010-2011 гадах плануе мадэрнізаваць вытворчасць

22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глубокскі кансервавы завод" у 2010-2011 гадах плануе мадэрнізаваць вытворчасць, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Грышкевіч. У адпаведнасці з распрацаваным бізнес-планам у 2010 годзе прадугледжваецца рэканструяваць вольны цэх завода плошчай 1 тыс.кв.м пад кансервавую вытворчасць і набыць тэхналагічнае абсталяванне. У прыватнасці, трэба будзе закупіць лінію магутнасцю 2,5-3 т прадукцыі ў гадзіну для выпуску джэмаў, соусаў, кетчупаў, працёртых падварак, сокаў з мякаццю, а таксама спецыяльную ўстаноўку, якая дазволіць расфасоўваць вырабы ў мяккую ўпакоўку дой-пак. Цяпер дзеючы кансервавы цэх плошчай 3 тыс.кв.м будзе пераабсталяваны пад складскія памяшканні. "Гэта дазволіць прадпрыемству больш эфектыўна выкарыстоўваць плошчы, адмовіцца ад найму складоў, значна скараціць транспартныя выдаткі і, як следства, знізіць агульныя затраты на вытворчасць", - адзначыў Аляксандр Грышкевіч. Цалкам завяршыць усе работы плануецца ў 2011 годзе. Кошт праекта складае каля Br13 млрд., у тым ліку больш Br2 млрд. неабходна на праектныя і будаўніча-мантажныя работы і каля Br11 млрд. - на абсталяванне. На рэалізацыю праекта плануецца прыцягнуць крэдыты банкаў, сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, уласныя інвестыцыі. За студзень-лістапад завод вырабіў прадукцыі на Br9,2 млрд. Па выніках 11 месяцаў выпуск новых відаў вырабаў у агульным аб'ёме вытворчасці склаў каля 25%. Асноўная частка прадукцыі рэалізуецца ў Беларусі. Каля 10% экспартуецца ў Расію, Туркменістан і Казахстан, у асноўным гэта прадукцыя абедзеннай групы, зялёны гарошак і сокі. Прадпрыемства заснавана ў 1946 годзе, пераўтворана ў ААТ у 2002-м. Спецыялізуецца на вытворчасці пладова-агародніннай прадукцыі, абедзенных кансерваў, сокаў, канцэнтрату. Асартымент вырабаў налічвае каля 100 найменняў. Вытворчыя магутнасці завода складаюць каля 32 муб кансерваў у год.-0-