Глыбоцкі мясакамбінат плануе накіраваць у 2010 годзе ў асноўны капітал больш за Br13 млрд.

15 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" мае намер у 2010 годзе накіраваць у асноўны капітал больш за Br13 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Дук. Інвестыцыі плануецца накіраваць на рэканструкцыю мясаперапрацоўчага корпуса, набыццё абсталявання па фасоўцы мясных паўфабрыкатаў, а таксама тэхналагічных ліній для забою свіней і буйной рагатай жывёлы ў цэх першаснай перапрацоўкі жывёл. Бізнес-планы гэтых інвестпраектаў у цяперашні час распрацоўваюцца. Іх рэалізацыя дазволіць мясакамбінату значна павялічыць магутнасці вытворчасці прадукцыі, а таксама ў адпаведнасці з пастаянна растучымі патрабаваннямі расійскага тэхнічнага рэгламенту істотна павысіць узровень якасці мясных вырабаў, расказаў кіраўнік. Завяршыць гэтыя мерапрыемствы па мадэрнізацыі вытворчасці плануецца ў 2011 годзе. За мінулы год прадпрыемства вырабіла прадукцыі на Br11,8 млрд., што на 15,7% вышэй за ўзровень 2008-га. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 14,5%, рэнтабельнасць рэалізацыі - 3,2%. На экспарт пастаўлена прадукцыі на $2,7 млн., што складае 176% да ўзроўню папярэдняга. Значны рост абумоўлены павелічэннем паставак у Расію, куды адгружаецца 30% мяса. Скураная сыравіна пастаўляецца ў Італію, Вялікабрытанію, Эстонію, Літву, Германію, Шатландыю і Малдову. Інвестыцыі ў асноўны капітал за мінулы год склалі Br4,4 млрд. Глыбоцкі мясакамбінат заснаваны ў 1936 годзе. Акцыянаваны ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці каўбасных, сыравэнджаных вырабаў, мяса. Асартымент прадукцыі налічвае каля 250 найменняў. Агульная колькасць работнікаў складае звыш 620 чалавек.-0-