Глыбоцкі мясакамбінат прадставіў на інвестфоруме ў Віцебску тры праекты на Br31 млрд.

26 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" прадставіла на міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску тры праекты агульным коштам Br31 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прадпрыемства Алена Ефімава. Найбольш маштабнае з прадстаўленых інвестыцыйных прапаноў - праект рэканструкцыі мясаперапрацоўчага корпуса з неабходным аб'ёмам інвестыцый Br17 млрд. Ён накіраваны на пашырэнне вытворчых плошчаў і магутнасцей па выпуску каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў, павелічэнне асартыменту і павышэнне якасці мясных вырабаў у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрасаюза і Расіі. Гэтыя ж мэты пераследуе і праект па мадэрнізацыі цэха першаснай перапрацоўкі жывёлы, у адпаведнасці з якім плануецца набыць новыя тэхналагічныя лініі па забоі буйной рагатай жывёлы і свіней. Неабходны аб'ём інвестыцый - каля Br10 млрд. Яшчэ адным значным для прадпрыемства інвестпраектам з'яўляецца буйнамаштабная рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў з мэтай арганізацыі ачысткі сцёкавых вод да ўзроўню скіду ў водны аб'ект. Магутнасць ачышчальных збудаванняў складзе 1 тыс.куб.м у суткі. Праектна-каштарысная дакументацыя распрацоўваецца. Кошт праекта складае Br4 млрд. У 2009 годзе прадпрыемства вырабіла прадукцыі на Br11,8 млрд., што на 15,7% вышэй за ўзровень папярэдняга года. Паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 14,5%. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 3,2%. На экспарт пастаўлена прадукцыі на $2,7 млн., або 176% да 2008 года. Значны рост абумоўлены павелічэннем паставак у Расію, куды адгружаецца 30% мяса. Скураная сыравіна пастаўляецца ў Італію, Вялікабрытанію, Эстонію, Літву, Германію, Шатландыю і Малдову. Інвестыцыі ў асноўны капітал у 2009 годзе склалі Br4,4 млрд. Глыбоцкі мясакамбінат заснаваны ў 1936 годзе, акцыянаваны ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці каўбасных, сыравэнджаных вырабаў, мяса. Асартымент налічвае каля 250 найменняў. Колькасць работнікаў складае звыш 620 чалавек.-0-