Глыбоцкі мясакамбінат у 2009 годзе інвеставаў у асноўны капітал Br4,4 млрд.
26 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" у 2009 годзе інвеставала ў асноўны капітал Br4,4 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па вытворчасці Алена Ефімава.
Асноўная частка сродкаў была накіравана на набыццё тэхналагічнага абсталявання для вытворчасці каўбасных вырабаў. Так, для вытворчасці сыравэнджанай прадукцыі былі закуплены дадатковыя кліматамеры, увод у эксплуатацыю якіх дазволіць павялічыць у 2010 годзе выпуск гэтай групы вырабаў амаль у два разы да 36 т у месяц, а таксама значна пашырыць іх асартымент і павысіць якасць.
Акрамя таго, у мінулым годзе мясакамбінат увёў у эксплуатацыю новы ўчастак па рэалізацыі гатовай прадукцыі, што дазволіла аптымізаваць працу з кліентамі і дзелавымі партнёрамі.
У 2009 годзе прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br119,2 млрд., што на 15,2% вышэй за ўзровень папярэдняга года. Экспарт павялічыўся на 76,1% да $12,7 млн. Яго ўдзельная вага ў аб'ёме рэалізацыі склала каля 30%. Значны рост экспарту звязаны з больш шырокім асваеннем расійскага рынку. Пастаўкі таксама ажыццяўляліся ў Вялікабрытанію, Італію, Шатландыю, Малдову, Літву, Эстонію. Паказчык па энергазберажэнні склаўся на ўзроўні мінус 13,5%. Запасы гатовай прадукцыі на 1 студзеня гэтага года склалі 23,3% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці пры заданні 30%.
Глыбоцкі мясакамбінат заснаваны ў 1936 годзе. Акцыянаваны ў 1997-м. Спецыялізуецца на вытворчасці мяса тушак, каўбасных вырабаў, мясных паўфабрыкатаў. Асартымент налічвае каля 250 найменняў. Колькасць працуючых складае звыш 620 чалавек. На прадпрыемстве ўкаранёны сістэма кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове аналізу рызык і крытычных кантрольных кропак (HACCP), сістэма менеджменту якасці серыі ISO 9000-2000 і сістэма кіравання аховай працы СТБ 18001-2005. Акрамя таго, па выніках 2007 года Глыбоцкі мясакамбінат удастоены прэміі Урада Рэспублікі Беларусь і Віцебскага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, занесены на рэспубліканскую і абласную Дошку гонару. За высокія вынікі дзейнасці кіраўніку прадпрыемства Анатолю Дуку прысвоена ганаровае званне "Чалавек года Віцебшчыны-2009".-0-