Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат арганізуе сыраробчую вытворчасць на браслаўскім філіяле

7 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" у 2011-2012 гадах накіруе звыш Br40 млрд. на рэканструкцыю браслаўскага філіяла, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. На філіяле будуць рэканструяваныя кацельня, вытворчыя цэхі, бытавыя памяшканні, сістэмы халадазабеспячэння і водазабеспячэння, праведзена замена цепласетак. У цэхах плануецца ўсталяваць дзве новыя тэхналагічныя лініі па выпуску цвёрдых і мяккіх сыроў магутнасцю адпаведна 10 т у і каля 2 т у суткі. Для вытрымлівання і захоўвання прадукцыі трэба будзе пабудаваць новыя складскія памяшканні. Прадпрыемства ўжо прыступіла да рэалізацыі гэтага маштабнага праекта: завяршаецца тэндэр па выбары пастаўшчыкоў абсталявання, вызначаецца генпадрадчык па правядзенні рэканструкцыі завода. Увесці ў строй абноўлены філіял плануецца да 2013 года. За 2010 год Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат выпусціў прадукцыі на Br215,1 млрд., або 116,5% да ўзроўню 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала 3,4%. Экспарт вырас на 25,8% да $42,3 млн. Яго доля ў агульным аб'ёме рэалізацыі дасягнула 53,7%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Казахстан, Расію, Грузію, Таджыкістан, Узбекістан, Азербайджан, Малдову і іншыя краіны. Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. У яго склад уваходзяць Браслаўскі вытворчы філіял і сельгаспрадпрыемства "Мнюта". Камбінат вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, цэльнамалочную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент прадукцыі налічвае больш за 80 найменняў. Колькасць працаўнікоў - звыш 900 чалавек.-0-