Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат плануе выйсці на рынкі В'етнама і Кітая

5 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" плануе выйсці на рынкі В'етнама і Кітая, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па камерцыйных пытаннях Сяргей Сталяронак. Для прасоўвання прадукцыі на рынак В'етнама камбінат удзельнічае ў стварэнні беларуска-в'етнамскага гандлёвага дома ў горадзе Ханой. Патэнцыйным партнёрам у гэтай краіне накіраваны ўзоры сухога цэльнага і сухога абястлушчанага малака, малочнай сыроваткі, неабходная дакументацыя. Ідзе працэс узгаднення цэн. Перспектывы выхаду на кітайскі рынак адкрыліся падчас удзелу ў 23-й Харбінскай міжнароднай гандлёва-эканамічнай кірмашы, якая праводзілася 15-19 чэрвеня. "Гэты рынак уяўляе для нас значную цікавасць, бо колькасць насельніцтва Харбіна і яго гарадоў-спадарожнікаў складае 9,7 млн. чалавек. Маніторынг паказаў, што прадукцыя, з якой мы хочам сюды прыйсці (сухое цэльнае і сухое абястлушчанае малако), прадстаўлена тут у невялікай колькасці. Такім чынам, у нас ёсць перспектывы работы на гэтым полі", - сказаў Сяргей Сталяронак. Ён таксама адзначыў, што ў прасоўванні беларускай малочнай прадукцыі ёсць пэўныя цяжкасці, аднак прадпрыемства мае намер змагацца за гэту нішу. Кітайскім партнёрам прадстаўлены ўзоры прадукцыі, паспяхова прайшлі першыя перамовы па наладжванні кантактаў. Дэталёвае абмеркаванне супрацоўніцтва працягнецца падчас візіту ў Віцебск прадстаўнікоў дзелавых колаў з Харбіна на бягучым тыдні. За першае паўгоддзе 2012 года прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br377,8 млрд., што амаль у 2,5 раза перавышае аналагічны ўзровень 2011 года. Экспарт за студзень-чэрвень дасягнуў $15,2 млн. Яго доля ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 70%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Расію, Украіну, Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Арменію, ЗША. Па выніках студзеня-мая паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 6,7%, рэнтабельнасць продажаў - 8,6%, прадукцыйнасць працы дасягнула 263,9% да адпаведнага перыяду мінулага года. Сярэдняя зарплата ў студзені-маі склала Br3,5 млн. Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. У яго склад уваходзяць Браслаўскі вытворчы філіял і сельгаспрадпрыемства "Мнюта". Камбінат вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, цэльнамалочную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае больш за 120 найменняў. Колькасць працаўнікоў - 1,1 тыс. чалавек.-0-