Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат атрымаў кашэрны сертыфікат на вытворчасць згушчонага малака

8 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" атрымаў кашэрны сертыфікат на вытворчасць згушчонага малака з цукрам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.

Прэстыжны сертыфікат пацвярджае высокую якасць і натуральнасць глыбоцкай прадукцыі, а таксама высокую культуру вытворчасці на прадпрыемстве. Яго атрыманне дае магчымасць камбінату пастаўляць згушчонае малако ў Ізраіль. У цяперашні час прадпрыемства разглядае пытанне выхаду на гэты рынак: першыя заяўкі на кашэрную згушчонку ўжо паступілі, прапрацоўваюцца кантракты.

Якасць прадукцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната пацверджана і іншымі шматлікімі сертыфікатамі. Так, з 2004 года на камбінаце ўкаранёна сістэма менеджменту якасці вытворчасці згушчоных і сухіх малочных кансерваў, масла сметанковага ў адпаведнасці з патрабаваннямі СТБ ІСА 9001-2001. У снежні 2008 года атрыманы сертыфікат на адпаведнасць сістэмы кіравання якасцю і бяспекай вытворчасці і захоўвання згушчоных малочных кансерваў на аснове аналізу і рызык і крытычных кропак (HACCP) патрабаванням СТБ 1470-2004. З 24 мая 2011 года на камбінаце дзейнічае сістэма менеджменту якасці вытворчасці згушчоных малочных кансерваў у адпаведнасці з патрабаваннямі LST EN ISO 9001: 2008, а таксама ўкаранёна сістэма менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў на адпаведнасць патрабаванням LST EN ISO 22000: 2005 у галіне вытворчасці згушчоных малочных кансерваў.

За студзень-чэрвень прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br153 млрд., або 144,8% да аналагічнага ўзроўню 2010 года. Рэнтабельнасць продажаў дасягнула 13,4%. Экспарт за гэты перыяд вырас на 11,4% да $20,2 млн. Яго доля ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 47,5%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Расію, Украіну, Канаду, Казахстан, Узбекістан, Азербайджан, Кыргызстан, Малдову і Арменію.

Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. У яго склад уваходзяць Браслаўскі вытворчы філіял і сельгаспрадпрыемства "Мнюта". Камбінат вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, молачную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае больш за 120 найменняў. Колькасць працуючых - 1,1 тыс. чалавек.-0-