Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат у 2010 годзе інвестуе ў тэхперааснашчэнне Br15,8 млрд.

2 сакавіка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат у 2010 годзе мае намер укласці ў тэхперааснашчэнне Br15,8 млрд. інвестыцый, што ў 2,5 раза больш, чым у мінулым. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па эканоміцы Вольга Кулакоўская. Паводле яе слоў, у бягучым годзе трэба завяршыць рэканструкцыю сістэмы халадазабеспячэння, набыць лінію для фасоўкі, пакавання і штабелявання малочных кансерваў у алавяны слоік №7, закупіць новыя сепаратары і бактафугу, спецыялізаваную мыйку для асноўнай вытворчасці. На прадпрыемстве нядаўна асвоены выпуск суцэльнага згушчонага малака ў сучасным зручным пакаванні тыпу дой-пак вагой 300 г. Гэта пакаванне аформлена ў тым жа стылі, што і алавяны слоік - са знаёмым усім сінім геаметрычным малюнкам. Акрамя выпуску канцэнтраванага стэрылізаванага і згушчонага суцэльнага малака з цукрам у алавяным слоіку вагой 400 г і згушчонага малака ў цюбіках, плануецца выпускаць згушчонае малако ў алавяным слоіку вагой 170 г. Прадпрыемства стала ў 2009 годзе лаўрэатам конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі". Першае месца і залаты медаль прысуджаны за канцэнтраванае стэрылізаванае малако, згушчонае суцэльнае малако з цукрам. На міжнароднай выстаўцы "Прадэкспа-2010" у Маскве ў лютым бягучага года Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат заваяваў залатыя медалі за некалькі відаў сваёй прадукцыі: канцэнтраванае стэрылізаванае малако, суцэльнае згушчонае малако з цукрам, суцэльнае згушчонае малако з цыкорыем. На камбінаце вялікая ўвага надаецца якасці. У 2009 годзе прадпрыемства атрымала сертыфікаты адпаведнасці ў Нацыянальнай сістэме сертыфікацыі Беларусі на 12 відаў прадукцыі. Праведзена сертыфікацыя ў сістэме ГОСТ "Р". Ажыццёўлена сертыфікацыя ў Расійскай Федэрацыі 25 відаў прадукцыі з атрыманнем санітарна-эпідэміялагічных заключэнняў і сертыфікатаў адпаведнасці на 4 віды: малако суцэльнае згушчонае з цукрам, згушчонае з цукрам варанае "Лакомка", вяршкі згушчоныя з цукрам, масла з каровінага малака. На гэтыя ж віды прадукцыі атрыманы сертыфікаты адпаведнасці на права маркіроўкі знакам "Натуральны прадукт". Па выніках работы за два месяцы бягучага года аб'ёмы прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах выраслі на 33,5%, тавараў народнага спажывання - на 64,1%. У агульным аб'ёме замежных паставак доля расійскага экспарту перавышае 60%. Акрамя Расіі, прадукцыя пастаўляецца ў 12 краін, у тым ліку Казахстан, Малдову, Арменію, Таджыкістан, Азербайджан, Узбекістан, Польшчу, Германію. Упершыню ў 2009 годзе прадпрыемства ажыццявіла пастаўкі сухога малака ў Афрыку. Прадпрыемства заснавана ў 1972 годзе. Камбінат спецыялізуецца на выпуску малочных кансерваў, суцэльнамалочнай прадукцыі, сухога малака, казеіну, сыроў. Каля 60% у агульным аб'ёме прадукцыі прыпадае на экспарт. Замежным спажыўцам пастаўляюцца 25 відаў малочных кансерваў, 2 віды сухога малака, 2 віды масла. Агульная колькасць працаўнікоў складае больш за 1 тыс. чалавек.-0-