Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат за жнівень-верасень знізіў запасы на 27%
1 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Глубокскі малочнакансервавы камбінат" знізіла за жнівень-верасень складскія запасы на 27% да Br26,1 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па эканоміцы Вольга Кулакоўская.
Паводле яе слоў, у мінулыя гады каля 60% прадукцыі камбінат экспартаваў у Расійскую Федэрацыю. "Малочны канфлікт" прадэманстраваў, якія праблемы могуць узнікнуць у вытворцы, завязанага на адным рынку збыту. "Адначасова вырашыць усе праблемы было цяжка: спатрэбіўся час, каб знайсці новых партнёраў і спажыўцоў, асвоіць новыя рынкі збыту", - падкрэсліла суразмоўніца. Яна адзначыла, што ўпершыню сёлета прадпрыемства ажыццявіла пастаўкі сухога малака ў Афрыку. Буйныя вагонныя партыі малочных кансерваў былі адпраўлены ва Узбекістан, Таджыкістан і Азербайджан. Больш цесная праца праводзілася і на ўнутраным рынку.
"За кошт усіх выкананых мерапрыемстваў ужо на 1 лістапада камбінат плануе выйсці на нарматыўны ўзровень запасаў гатовай прадукцыі - 50% месячнай нормы вытворчасці", - дадала Вольга Кулакоўская.
У студзені-верасні прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br131,5 млрд., што на 2,9% вышэй за аналагічны ўзровень 2008 года. Экспарт за восем месяцаў склаў $17,2 млн. Акрамя Расіі і ўпершыню асвоеных краін прадукцыя пастаўлялася таксама ў Казахстан, Польшчу, Германію. Інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі Br3,4 млрд. Адным з найбольш буйных праектаў сёлета стала рэканструкцыя сістэмы халадагенерацыі камбіната і ўвод першай чаргі малочна-таварнай фермы на 730 галоў у падсобным сельскагаспадарчым філіяле "Мнюта".
Прадпрыемства заснавана ў 1972 годзе. Спецыялізуецца на вытворчасці малочных кансерваў, масла, сухога малака, цэльнамалочнай прадукцыі, казеіну, цвёрдых сычужных сыроў. Агульная колькасць працаўнікоў - больш за 1 тыс. чалавек.-0-