Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат завершыць рэканструкцыю цэха халадазабеспячэння ў лютым 2011 года
6 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" завершыць рэканструкцыю цэха халадазабеспячэння ў лютым 2011 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Праект па рэканструкцыі халадазабеспячэння прадпрыемства рэалізуецца з 2009 года. За гэты час было асвоена Br4,5 млрд. Яшчэ каля Br1 млрд. трэба накіраваць на завяршэнне ўсіх работ. У цяперашні час ужо ўстаноўлена і запушчана тэхналагічнае абсталяванне першай чаргі, якое забяспечвае лядоўніцай асноўны вытворчы цэх камбіната. Вядзецца пракладка трас падачы і вяртання лядоўніцы да цэха сухога абястлушчанага малака, мантаж абсталявання другой чаргі. Такім чынам, новы кампрэсарны цэх заменіць сабой два раней дзеючыя, якія забяспечвалі лядоўніцай розныя вытворчыя цэхі, растлумачылі спецыялісты.
Яшчэ адным значным праектам, які рэалізуецца ў бягучым годзе на камбінаце, з'яўляецца мадэрнізацыя вытворчасці па выпуску згушчанага малака. Тэндэр на пастаўку абсталявання выйграў італьянскі вытворца. Плануецца, што комплексная лінія магутнасцю 330-350 слоікаў у хвіліну, якая ўключае поўны цыкл вытворчасці прадукту ад падрыхтоўкі тары да ўпакоўкі, будзе ўстаноўлена ў першым паўгоддзі 2011 года. Яе кошт складзе 2 млн. еўра.
За студзень-лістапад прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br201,3 млрд., або 116,9% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за дзесяць месяцаў склала 4,6%. Экспарт за гэты перыяд вырас на 44,3% да $36,9 млн. Яго доля ў агульным аб'ёме рэалізацыі склала 55%. Пастаўкі ажыццяўляліся ў Казахстан (больш за 20% у аб'ёме экспарту), Расію, Грузію, Таджыкістан, Азербайджан, Малдову і іншыя краіны. Інвестыцыі на тэхпераўзбраенне за 2010 год чакаюцца на ўзроўні Br6-7 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. Вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, цэльнамалочную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае больш за 60 найменняў.-0-