Глыбоцкі раён стаў удзельнікам еўрапейскага праекта "Зялёны калідор Усход-Захад"
2 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці стаў удзельнікам еўрапейскага праекта "Зялёны калідор Усход-Захад", паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Колбасіч.
Праграма "Зялёны калідор" ахоплівае 25 дзяржаў і прадугледжвае стварэнне эфектыўнага транспартнага шляху, які звязвае Паўночную Еўропу, Далёкі Усход і Кітай. Праект разлічаны на перыяд да 2030 года, яго каардынатарам выступае самакіраванне правінцыі Блекінгэ (Швецыя). Арганізацыя прамога грузапасажырскага паведамлення паміж Усходам і Захадам дазволіць не толькі ўдасканаліць лагістыку перавозак, але і наладзіць камунікацыйныя сувязі, будзе спрыяць развіццю турысцка-рэкрэацыйнай інфраструктуры.
Улічваючы ўсё гэта, Глыбоцкі райсавет сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і зацікаўленымі грамадскімі арганізацыямі распрацавалі прапановы па ўдзеле ў праграме "Зялёны калідор" і атрымалі падтрымку на пасяджэнні экспертаў еўрапейскіх праграм.
Па словах Аляксандра Колбасіча, цяпер пачынаецца праца над рэалізацыяй праграмы на тэрыторыі раёна. Першапачаткова аб'ём тэхнічнай дапамогі складзе каля 350 тыс. еўра. Гэтыя сродкі пойдуць на азнаямленне з інфраструктурай прыдарожнага сэрвісу, лагістычнымі цэнтрамі ў Швецыі, Германіі, Польшчы, Расіі, дзе рэалізуецца першая частка праекта. Як чакаецца, з 2013 года пачнецца непасрэднае фінансаванне работ па стварэнні эфектыўнага транспартнага калідора на тэрыторыі раёна.-0-