Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці і французскі акруга Фер маюць намер пашыраць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

12 мая, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці і французская акруга Фер маюць намер пашыраць і ўмацоўваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. З гэтай мэтай у Беларусь прыбыла дэлегацыя французскага горада Фер на чале з членам Сената Французскай Рэспублікі Жанам Клодам Фрэконам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. "Візіт дэлегацыі, якая наведвае нашу краіну з 12 па 18 мая, накіраваны на развіццё і ўдасканаленне адносін як на ўзроўні рэгіёнаў - Глыбоцкага раёна і акругі Фер, так і на ўзроўні краін - Беларусі і Францыі", - адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў. Праграмай знаходжання французаў у Беларусі прадугледжана правядзенне 13 мая сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, членамі рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Францыі. Супрацоўніцтва двух гарадоў-пабрацімаў - Глыбокага і Фера - у апошнія гады было дынамічным і пастаянным, што дае падставу абодвум бакам разлічваць на працяг і пашырэнне міжрэгіянальных сувязей. У найбліжэйшых планах гарадоў-пабрацімаў - правядзенне стажыроўкі кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і механізатараў Глыбоцкага раёна ў фермерскіх гаспадарках акругі Фер. Прадугледжваецца таксама накіраваць навучэнцаў Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя ў гэты французскі горад для праходжання практыкі ў сельскагаспадарчым каледжы і адпаведна прыняць у Беларусі французскіх студэнтаў-стажораў. У перспектыве запланавана арганізаваць дні гарадоў-пабрацімаў, выставы, выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці, спартсменаў, праграмы маладзёжных абменаў. Цеснае ўзаемадзеянне беларускага і французскага рэгіёнаў пачалося ў 2005 годзе, калі горад Глыбокае наведала місія ўрачоў з Францыі, якая даставіла ў лячэбныя арганізацыі Глыбоцкага раёна гуманітарную дапамогу. З таго часу адбыліся абмены дэлегацыямі кіраўнікоў адміністрацыйных акруг, медыкаў, работнікаў адукацыі. Навучэнцы Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя праходзілі стажыроўкі ў Францыі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў наведвалі французскія прадпрыемствы, у прыватнасці, пабывалі ў цэнтры гуманітарнай місіі ўрачоў, у найбуйнейшым эмбрыянальным цэнтры па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы, правялі шэраг сустрэч з мэрыяй горада Фер, кіраўніцтвам медустаноў, сельскагаспадарчага каледжа, фермерскіх гаспадарак.-0-