Год якасці ў Віцебскай вобласці пройдзе пад знакам інавацый - А.Косінец

23 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Год якасці ў Віцебскай вобласці пройдзе пад знакам інавацый, заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Касінец сёння на ўрачыстай цырымоніі прысваення ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віцебская вобласць у 2010 годзе ўзяла на сябе павышаныя абавязацельствы і мае намер давесці тэмп росту прадукцыі ў супастаўных цэнах да 125-130%, пабудаваць 850 тыс. кв.м жылля, увесці ў строй 64 аграгарадкі, сабраць 1,5 млн. т збожжа. Дасягнуць гэтага магчыма дзякуючы павелічэнню прадукцыйнасці працы ў 1,5 раза, стварэнню новых вытворчасцей і ўкараненню інавацыйных тэхналогій у розных сферах, падкрэсліў губернатар. У бягучым годзе ў вобласці плануецца стварыць каля ста новых вытворчасцей і прадпрыемстваў. Поспех залежыць ад працы кожнага жыхара рэгіёна. "Кожны з нас - гэта часцінка нашай вобласці. Чым больш мы будзем працаваць, тым прыгажэйшым будзе станавіцца наш край", - кранальна дадаў Аляксандр Касінец.

 Дастойным прыкладам служаць лаўрэаты звання "Чалавек года Віцебшчыны". Сярод іх працаўнікі вёскі, рабочыя, настаўнікі, кіраўнікі, журналісты, дзеячы мастацтва, навукоўцы, спартсмены, прадпрымальнікі. Сярод лаўрэатаў знакаміты на ўсю Беларусь старшыня СПК "Альгоўскае" Дземіко Надзірашвілі, дырэктар ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" Уладзімір Траіцкі, бізнесмен і прадпрымальнік Андрэй Сідараў, прадпрыемства якога распрацавала пад'ёмнік з высокатрывалай сталі, аналагаў якому ў рэспубліцы не выпускаецца. Чалавекам года Віцебшчыны прызнаны настаўнік матэматыкі Міхаіл Волкаў, які падрыхтаваў 17 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, старшы выкладчык Віцебскага дзяржуніверсітэта Уладзімір Голубеў, які выхаваў школу беларускіх астраномаў, чыім імем удзячныя вучні назвалі адкрытую імі зорку, а Беларусь увайшла ў лік астранамічных дзяржаў. Самым маладым лаўрэатам стаў навучэнец спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Наваполацка сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы Сяргей Лагун.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіць у вобласці ў другі раз. Аднак сёлета апроч дыплома аб атрыманні звання лаўрэаты атрымалі нагрудны знак "Чалавек года Віцебшчыны". Па выніках 2009 года ганаровае званне прысуджана 100 жыхарам вобласці.-0-