Год прадпрымальніцтва стане ў Віцебскай вобласці годам падтрымкі дзелавой ініцыятывы

7 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Год прадпрымальніцтва павінен стаць у Віцебскай вобласці годам падтрымкі дзелавой ініцыятывы. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч. У 2011 годзе вобласці трэба дасягнуць тэмпаў росту прамысловай прадукцыі ў 120% да 2010 года, доля інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме павінна скласці не менш за 20%, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці - не менш за 15%. Эканамічныя рэаліі патрабуюць неардынарных дзелавых падыходаў ад усіх удзельнікаў бізнес-працэсу, незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадпрыемства ці прыватнае, перакананы Алег Мацкевіч. Значная роля ў вырашэнні пастаўленых задач адводзіцца прыватнаму бізнесу, таму ў Год прадпрымальніцтва мясцовыя ўлады маюць намер аказаць максімальнае садзейнічанне прадпрымальніцтву. У першую чаргу гаворка ідзе аб рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №4 і ўстараненні бюракратычных перашкод пры рабоце з прыватным сектарам. Трэба актыўней прыцягваць да супрацоўніцтва грамадскія аб'яднанні прадпрымальнікаў, бізнес-асацыяцыі. Узрасце фінансавая падтрымка суб'ектаў прыватнага бізнесу - да Br8 млрд. Гэтыя сродкі прадугледжваецца накіраваць на пагашэнне працэнтаў па крэдытах прадпрымальнікам, якія рэалізуюць важныя для рэгіёну інвестыцыйныя праекты. Бізнесмены на роўных атрымаюць магчымасць удзельнічаць у ажыццяўленні 25 найважнейшых праграм развіцця рэгіёну - ад малой энергетыкі да турызму. На працягу бліжэйшых двух гадоў будзе пабудаваны бізнес-цэнтр, дзе размесціцца інкубатар малога бізнесу, у якім пачаткоўцам прадпрымальнікам дапамогуць рэалізаваць свае праекты. Аналагічныя праекты будуць увасоблены ў Полацку, Наваполацку, Оршы. Як лічыць Алег Мацкевіч, у Год прадпрымальніцтва будуць сфарміраваны спрыяльныя ўмовы для развіцця дзелавых і сацыяльна адказных ініцыятыў, што будзе спрыяць развіццю новай эканамічнай палітыкі, а гэта, у сваю чаргу, павысіць дабрабыт грамадзян краіны.-0-