«Гомельавія» аднаўляе паветранае злучэнне паміж Віцебскам і Калінінградам
20 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Паветранае злучэнне паміж Віцебскам і Калінінградам з аэрапорта "Віцебск" аднаўляе "Гомельавія", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік віцебскай філіяла РУП "Белаэранавігацыя" Сяргей Рурыс. Першы пасажырскі рэйс па гэтым маршруце запланаваны на 7 чэрвеня.
Магчымасць пераадолець адлегласць паміж беларускім і расійскім гарадамі ўсяго за 1 гадзіну 25 хвілін запатрабавана жыхарамі Віцебска, адзначыў Сяргей Рурыс. Адной з галоўных пераваг авіяпералёту перад паездкай на чыгуначным транспарце з'яўляецца тое, што грамадзянам не патрабуецца афармляць шэнгенскую візу для перасячэння Літоўскай Рэспублікі, працэдура афармлення праязных дакументаў максімальна простая. Аднак па розных прычынах у канцы 2008 года авіякампанія прыпыніла палёты па гэтым маршруце з віцебскага аэрапорта.
Па словах Сяргея Рурыса, кошт авіябілета ў адзін канец складзе каля 80 еўра. На летні перыяд "Гомельавія" плануе выконваць адзін рэйс на тыдзень па нядзелях. Маршрут будзе абслугоўваць самалёт Ан-24, які разлічаны на перавозку 48 пасажыраў.
Віцебскія авіятары таксама праводзяць работу па прасоўванні гэтага маршруту на рынкі прылеглых да Віцебскай вобласці расійскіх рэгіёнаў. Прывабнасць маршруту, напрыклад, для жыхароў Смаленскай вобласці абумоўлена блізкасцю віцебскага аэрапорта ў параўнанні з іншымі паветранымі варотамі Расіі, а таксама максімальна спрошчанай працэдурай афармлення праязных дакументаў. Пры гэтым кошт білета аднолькавы для ўсіх катэгорый авіяпасажыраў. Калі да Віцебска дабірацца на асабістым аўтамабілі, то ў аэрапорце гарантуюць яго захаванасць да вяртання ўладальніка.
Акрамя таго, прапрацоўваюцца магчымасці адкрыцця рэгулярнага паветранага злучэння з віцебскага аэрапорта ў Маскву і ў напрамку паўднёвых рэгіёнаў Расіі (Сімферопаль, Сочы). Перамовы аб магчымасці абслугоўвання гэтых маршрутаў вядуцца з расійскімі і італьянскімі авіякампаніямі. Папярэднія дамоўленасці аб гэтым былі дасягнуты на міжнародным форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці" ў сакавіку гэтага года.
Віцебскі аэрапорт размешчаны за 10 км на паўднёвы ўсход ад Віцебска. Прадпрыемства забяспечвае ўнутрырэспубліканскае паветранае злучэнне, абслугоўвае чартарныя ўнутраныя і міжнародныя пасажырскія і грузавыя перавозкі. Аэрапорт запатрабаваны таксама пры выкананні транзітных рэйсаў бізнес-авіяцыі. У 1996 годзе аэрапорт атрымаў статус міжнароднага, прыдатны для эксплуатацыі паветраных суднаў тыпу Іл-76, Ту-154, Вoeng-737 і Boeng-757-200, A-310-200.-0-